Замежныя СМІ пра Беларусь: 8-14 снежня

Магчыма, Аляксандра Лукашэнку натхніў Павел Чычыкаў, герой “Мёртвых душаў Мікалая Гогаля? Розніца ў адным — у Беларусі працадаўцы не могуць прадаваць працаўнікоў ці закладваць “душы ў банк, як імкнуўся Чычыкаў. (“IL Fatto Quotidiano)



smi.jpg

Відавочна, што Мінск шукае спосабы, як дэмакратызаваць закон пра выбары касметычнымі спосабамі, не закранаючы сутнасці несправядлівай выбарчай сістэмы і праваўжывання заканадаўства ў дачыненні да непажаданых кандыдатаў. Задуманыя папраўкі кіраўніцтва ЦВК абвясціла рэвалюцыйнымі. Хоць сапраўднай рэвалюцыяй магла б стаць адмова ад пяцідзённага датэрміновага галасавання, а таксама доступ да падліку галасоў незалежных назіральнікаў. Паспешлівасць уладаў, якія раптам пачалі клапаціцца якасцю выбарчага працэсу, выклікае здзіўленне. Навошта спатрэбіліся тэрміновыя змены, калі наступныя выбары ў Беларусі пройдуць не раней, чым праз два гады? Магчыма, гэта звязана з хуткім пераглядам у бок узмацнення жорсткасці палітыкі ЕС да краін, у якіх парушаюцца правы чалавека. А Беларусь можа апынуцца ў ліку першых кандыдатаў на новыя санкцыі з боку Еўрасаюза.

“Deutche Welle (Германія)
 

У    апошнія некалькі гадоў Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі. На ўсё гэта паўплываў фінансавы крызіс, абвал нацыянальнай валюты, палітычныя скандалы з заходнімі дзяржавамі і цяжкасці з Расіяй — галоўным саюзнікам і стратэгічным партнёрам. Дадзеныя фактары пазбаўляюць простых грамадзян усялякай упэўненасці ў заўтрашнім дні і ў сваім прэзідэнце.

“Rusmi (Чэхія)


Цікава, што “прыгоннае права на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах было ўведзена Лукашэнкам напярэдадні падпісання буйных дамоваў з замежнымі фундатарамі. Свае вытворчыя магутнасці ў краіне ўжо будуюць шведская “IKEA і аўстрыйскі “Kronospan. Усе яны зацікаўлены ў наяўнасці таннай працоўнай сілы.

“Голос России (Расія)
 

 У 2013 годзе прадстаўнікі дзяржавы змогуць прызначацца нават у тыя акцыянерныя таварыствы Беларусі, у якіх няма долі дзяржавы. Афіцыйная фармулёўка: “Для абароны мінарытарных акцыянераў і інтарэсаў дзяржавы. Гэта прылада будучага пераразмеркавання ўласнасці, лічаць эксперты. “Залаты акцыянер — гэта той, хто будзе ўвесь час замінаць і спрабаваць блакаваць працу, а гэта дадатковая база для карупцыі. Уладальнікам такіх прадпрыемстваў давядзецца банальна “адкупляцца ад кіраўнікоў.

“Газета (Расія)


У інтэрнэце спаленне вёскі Паўлавічы ўжо параўналі з Хатынню — вёскай пад Мінскам, якую цалкам знішчылі фашысты. Параўнанне, праўда, не вельмі карэктнае. (…) Турыст, які прыязджае ў Беларусь, заўсёды дзівіцца парадку і чысціні ў мясцовых гарадах і вёсках. Але тое, якімі метадамі дасягаецца гэты парадак, прымушае беларусаў задумацца, ці патрэбен гэты парадак наогул.

“Эксперто (Расія)