Жазэп Барэль: Лукашэнка больш не атрымае ад нас ніводнага еўра

Міністры замежных спраў 27 краін Еўрасаюза 19 лістапада дамовіліся падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць уладаў і арганізацый Беларусі, каб «падтрымаць дэмакратычныя правы народу краіны».

es_sanktsii.jpg


«Сёння мы дамовіліся пачаць падрыхтоўку новага пакету санкцый у адказ на гвалт уладаў і з мэтай падтрымкі беларускага народу. Гэтыя санкцыі будуць уведзеныя не толькі супраць фізічных асобаў, але і супраць [дзяржаўных] структур, кампаній і прадпрымальнікаў», — перадае словы Барэля Радыё Свабода са спасылкай на ТАСС.

Барэль падкрэсліў, што зробіць усё магчымае, каб новыя абмежавальныя меры былі ўведзеныя як мага хутчэй.

«Краіны ЕС цяпер павінны ўнесці прапановы аб новых пазіцыях санкцыйнага спісу з абгрунтаваннем сваіх прапаноў. Мы папрасілі іх ўнесці столькі прапаноў, колькі яны змогуць, і я прыкладу ўсе намаганні, каб мы змаглі як мага раней ўвесці гэтыя захады ў дзеянне», — адзначыў ён.

Акрамя таго, Барэль падкрэсліў, што Еўрасаюз больш не выдзеліць ніводнага еўра ўраду Лукашэнкі, усе сродкі для краіны пойдуць няўрадавым арганізацыям «для падтрымкі грамадзянскай супольнасці».

«Мы больш не перавядзем ніводнага еўра рэжыму Лукашэнкі. Усе грошы пойдуць на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі праз розныя няўрадавыя арганізацыі, — адзначыў Барэль. — Я не магу пакуль называць дакладныя каналы, як будуць пераведзеныя грошы, але дакладна магу сказаць, што Лукашэнку не пойдзе ніводнага еўра».

Акрамя таго, кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза паведаміў, што падрыхтаваў даклад у справе дачыненняў з Беларуссю.

«Савет папрасіў мяне прадставіць шырокі падыход па нашых адносінаў з Беларуссю. Я зрабіў гэта разам са службамі Еўракамісіі. Гэтая справаздача была фіналізаваная і прадстаўленая краінам-чальцам, якія вывучаць яе і прымуць рашэнне па ёй», — растлумачыў Барэль.