З'явілася відэа, як на расійскі Мурманск падае метэарыт
У ноч на нядзелю, 20 красавіка, у небе над расійскім горадам Мурманск праляцеў метэарыт. Начное неба асвяціў "агністы шар". Згараючы на сваім шляху, метэарыт ляцеў да зямлі.
Відэа атрымалася зняць дзякуючы відэарэгістратарам на аўтамабілях і мабільным тэлефонам.
На відэа, выкладзеным у інтэрнэце, відаць, як яркі аб'ект імчыцца наўкось да аўтамабільнай дарогі, пасля чаго знікае ў цемры. Гэта падзенне "нябеснага каменя" нагадала шмат каму метэор, які з'явіўся ў мінулым годзе ў небе над другім горадам Расіі — Чалябінскам. Тады раненні атрымалі каля 1,2 тысячы чалавек, а ў шматлікіх будынках вылецела шкло. На гэты раз у Мурманску абышлося без ахвяр.
Мурманскай метэарыт, тлумачаць навукоўцы, — з сямейства лірыдаў — мноства нябесных целаў, што кожны красавік праходзяць праз арбіту нашай планеты. Па памеры гэта невялікія астэроіды. Калі яны і трапляюць у атмасферу Зямлі, то тут жа згараюць. Дарэчы, не выключана, што гэты "госць" не апошні, і ў бліжэйшыя дні жыхары паўночных шыротаў змогуць зноў убачыць падобныя з'явы. Нагадаем, нядаўна інтэрнэт узарваў ролік пра парашутыста, у якога ледзь не трапіў метэарыт.