Злотнікаў: Крэдыты ЕўрАзЭС дапамогуць Лукашэнка працягнуць толькі да канца года

Эканаміст Леанід Злотнікаў прагнаўуе, што праз паўгода долар будзе каштаваць 18 тысяч і казка скончыцца, бо беларуская мадэль эканомікі неканкурэнтаздольная.
 



31b061b9_3850_4cfb_92e0_cf5e67bb31d0_w268_r1.jpg

Беларускія ўлады заяўляюць пра магчымасць атрымаць новыя крэдыты як на Захадзе, так і на Усходзе. Якія шанцы ў афіцыйнага Мінска атрымаць грошы ад МВФ? Дапамогуць новыя крэдыты збалансаваць фінансавыя паказчыкі і ўтрымаць курс нацыянальнай валюты? На гэтыя пытанні "Радыё Свабода" адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Мы бярэм крэдыты, каб аддаць тыя, якія бралі раней. Так бы мовіць, перахапіўшы. Па-другое, крэдыты патрэбныя, каб пагасіць адмоўнае сальда плацёжнага балансу. Гэтыя крэдыты ідуць не на нейкія рэформы, структурныя змены ў эканоміцы, а на вяртанне ранейшых даўгоў»,— заявіў эканаміст.

Леанід Злотнікаў мяркуе, што беларускія ўлады не змогуць атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду.

«Не заўсёды МВФ дае грошы толькі пад эканамічныя рэформы, часам ён дае і па палітычных матывах. У дадзеным выпадку ў гэтым годзе можна не чакаць крэдыту ад МВФ. Па-першае, няма пакуль такой праграмы, пад якую можна яго даць. Па-другое, у Савеце фонду вялікі ўплыў маюць ЗША. А нашы адносіны з Вашынгтонам не вельмі добрыя, — адзначыў ён. — Пасла ЗША ў Беларусі да гэтага часу няма. Таму я не бачу, каб нават у пачатку наступнага года крэдыт МВФ прыйшоў у Беларусь».

Што тычыцца крэдытаў, атрыманых ад Расіі і ад ЕўрАзЭС, то яны дапамогуць уладам працягнуць толькі да "выбараў".

«Досвед ёсць, і ён гаворыць пра тое, што ў мінулы раз бралі крэдыт, з вялікай працай аддалі, а мадэрнізацыі не адбылося. Наадварот, эканоміка губляе сваю эфектыўнасць, ніякія крэдыты тут не дапамаглі. Што тычыцца курсу, то крэдыты пакрыюць на паўгода нашы патрэбы ў раздачы іншых замежных даўгоў. Таму да канца года курс можа трымацца дзесьці на ўзроўні 17—18 тысяч. Але потым казка скончыцца, бо наша мадэль неканкурэнтаздольная», — заявіў Леанід Злотнікаў.