Знакаміты габелен з Байе хочуць звазіць у Англію

Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон даў дазвол адправіць знакаміты габелен з Байё для часовай выставы ў Вялікабрытанію. Такім чынам гэты твор мастацтва ўпершыню за 950 гадоў сваёй гісторыі пакіне Францыю.

ff_1.jpg

Вышыўка на льняным палатне шырынёй каля паўметра і даўжынёй ледзь больш за 68 метраў была створана ў XI стагоддзі. Верагодна, ініцыятарам стварэння была каралева Мацільда, жонка Вільгельма Заваёўніка, ці брат караля біскуп Ода. Вышыўка распавядае гісторыю заваёвы Вільгельмам Англіі, уключаючы знакамітую бітву пры Гасцінгсе. Палатно захоўвалася ў саборы горада Байё і толькі двойчы, пры Напалеоне і падчас Другой сусветнай вайны, вывозілася ў Парыж. Цяпер яно знаходзіцца ў Байё ў спецыяльна пабудаваным музеі.

Бітва пры Гасцінгсе. Нармандскія рыцары і лучнікі

Бітва пры Гасцінгсе. Нармандскія рыцары і лучнікі

Заяву аб магчымасці дэманстрацыі габелена з Байё ў Англіі Макрон зрабіў на англа-французскім саміце. Праект наўрад ці будзе рэалізаваны на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў, паколькі яму будуць папярэднічаць працяглыя перамовы міністэрстваў культуры дзвюх краін і даследаванне самой магчымасці транспартавання старажытнага дывана без пашкоджанняў.
Раней двойчы праходзілі перамовы аб часовым вывазе габелена ў Ангглію: адзін раз для каранацыі Лізаветы II ў 1953 годзе, другі раз — у 1966 г. да 900-годдзя бітвы пры Гасцінгсе, але абодва разы ажыццявіць задуманае не ўдалося. Калі ў 2016 годзе адзначалася 950-годдзе бітвы пры Гасцінгсе, пытанне аб габелене нават не абмяркоўвалася.
Паводле Pro Science