ЗША: гамафобы мабілізаваліся
Словы Барака Абамы пра права сэксуальных меншасцяў на аднаполыя шлюбы мабілізавалі амерыканскіх экстрэмістаў-гамафобаў.
Словы Барака Абамы пра права сэксуальных меншасцяў на аднаполыя шлюбы мабілізавалі амерыканскіх экстрэмістаў-гамафобаў.
Праваабаронцы і спецслужбы, якія займаюцца маніторынгам экстрэмізму ўнутры ЗША, налічваюць каля 20 радыкальных груповак, які паслядоўна змагаюцца з так званай «гомасэксуальнай павесткай
дня». Гэта не палітычныя ініцыятывы ў чыстым выглядзе, хаця ў 1996 годзе мела месца спроба стварыць нешта накшталт асобнай антыгееўскай партыі — «Амерыканцы за праўду пра
гомасэксуалізм» (AFTAH). Аднак партыя так і не ўзнікла. Галоўныя фарматы дзейнасці антыгеяў, або, як іх яшчэ называюць, anti-LGBT (LGBT — лесбіянкі, геі, бісэксуалы, трансвестыты),
— грамадзянскія асацыяцыі, фонды, даследчыя цэнтры, секты.
Сваім нараджэннем антыгеі, безумоўна, абавязаныя геям. Апошнія з пачатку 1970-х гадоў пайшлі ў наступ за свае правы па ўсяму фронту і сапраўды шмат чаго дабіліся ў галіне як мінімум фармальнага
прызнання роўнасці правоў усіх грамадзян. Кансерватыўная Амерыка перайшла ў контратаку ў 1977 годзе ў Фларыдзе. Тут Аніта Браянт, папулярная амерыканская спявачка, а на той час прэс-сакратар фірмы па
вытворчасці апельсінавага соку, пачала кампанію супраць адмены закона, які дазваляў дыскрымінацыю геяў. Кампанія, якая называлася Save Our Children, прагрымела на ўсе Злучаныя Штаты. Усе амерыканцы
падзялілася ў той час на дзве катэгорыі: на тых, хто п’е апельсінавы сок, — прыхільнікі Браянт, і на тых, хто яго байкатуе (ненавіснікі Save Our Children). Сваю варожасць да геяў
Аніта тлумачыла тым, што нетрадыцыяналы не здольныя нарадзіць дзяцей і таму прадстаўляюць пагрозу.
Нягледзячы на шалёную папулярнасць руху Save Our Children, у пачатку 1980-х гадоў зорка Брайант закацілася. Яна развялася з мужам, пачала думаць пра самагубства і сышла з палітыкі. Аднак двух гадоў
актыўнасці Save Our Children хапіла, каб запусціць канвеер рэпрадукцыі ваяўнічых антыгеяў. Эстафету ў Аніты перахапіла фундаменталісцкая хрысціянская групоўка Focus on the Family, у рамках якой быў
сфармуляваны асноўны пастулат антыгееўскай філасофіі: «Геямі не нараджаюцца. Геямі робяцца».
На цяперашні момант антыгееўскі рух у Злучаных Штатах — комплексная з’ява, якая ўключае самыя розныя фракцыі, у тым ліку прадстаўнікоў палітычнага істэблішменту і царквы. Гэтая
фракцыя змагаецца з гомасэксуалізмам у рамках прынятых прававых працэдур, не ставячы пад сумнеў факт, што LGBT — гэта частка амерыканскай нацыі, якая мае права на існаванне.
Паралельна існуе іншы сегмент руху anti-LGBT, які выступае за татальную фізічную ліквідацыю тых, хто не жадае быць гетэра.
У пошуках апраўдання генацыду антыгеі аперуюць самымі незвычайнымі тэорыямі. Так, заснавальнікі групоўкі Abiding Truth Ministries кажуць, што вайна з геямі — гэта працяг вайны з фашызмам.
Менавіта гомасэксуалісты, па іх словах, кіравалі нацысцкай партыяй у Германіі.
Логіка забаўная, прынамсі таму, што адна з самых старых антыгееўскіх арганізацый у ЗША Concerned Women for America (CWA) у 1970-я гады развівала тэорыю пра тое, што ўсе геі — латэнтныя
камуністы і агенты Масквы, таму барацьба з імі — фрагмент «халоднай вайны». Пасля калапсу СССР CWA апынулася ў стане крызісу жанру.
Таксама, як American Family Association (AFA), якая заўжды бачыла ў руху LGBT замах на запаветы хрысціянства, за якім, быццам, хаваюцца сіяністы. Пасля 9/11 вядучай ксенафобскай тэорыяй у ЗША замест
антысемітызму стала ісламафобія. Адпаведна, галоўнымі спонсарамі амерыканскіх геяў, на думку гамафобаў, адразу сталі мусульмане. Гэта версія гучыць дзіўна з улікам жорсткасці заканадаўства супраць
гомасэксуалістаў у краінах Усходу.
Затое ад палітычнай кан’юнктуры ніколі не залежалі антыгеі з Chriatian Rights — фундаменталісцкага флангу хрысціянскай грамады ЗША. Тут на геяў коса глядзелі па простай і старой, як
свет, прычыне: яны не пасуюць біблейскім прынцыпам. Святар О’Ніл Дазі выдаў у 2008 годзе кнігу пра тое, што нетрадыцыйны сэкс блакіруе чалавечыя органы, якія адказныя за кантакт з Богам.
Яшчэ далей зайшоў Дэ Мар, адзін з правадыроў асацыяцыі American Vision. Ён растлумачыў некалькі цытат з Бібліі як інструкцыю Бога — забіваць геяў.
Актыўна развіваецца тэорыя пра тое, што гомасэксуалізм — гэта псіхічная хвароба, якую можна вылечыць праз спецыяльны курс тэрапіі. Праўда, канчатковы дыягназ гэтай
«хваробе» так і не паставілі. Так, ідэолагі групы Christian Anti-Defamation Commission мяркуюць, што гомасэксуалісты маюць нейкі нездаровы культ сэксу, што робіць іх паводзіны
сацыяльна неадэкватнымі. Таму, калі не забараніць прапаганду LGBT, манія сэксуальнага геданізму ахопіць значную частку грамадства, якое стане нефункцыянальным. Больш за ўсё актывісты Christian
Anti-Defamation Commission хвалююцца за войска, дзе з нядаўніх часоў могуць служыць «нетрадыцыяналы». Па іх словах, Амерыка не здольная больш перамагаць у войнах.
А вось нехта Ла Барбера — лідар згаданай вышэй AFTAH — з гэтым кардынальна не згодны. Ён лічыць, што гомасэксуалізм — гэта форма кепскай звычкі, кшталту курэння або
алкаголю. У 2006 годзе AFTAH прафінансаваў нейкага медычнага прафесара Поля Кэмерана, адпаведна даследаванням якога ў Даніі мясцовыя гомасэксуалісты абодвух палоў жывуць у сярэднім на 24 гады менш за
гетэрасэксуалаў. «Адкрыццё» ўзняла ўсю дацкую медычную супольнасць, якая сцвярджала, што даследаванні не маюць навуковай базы.
Пры ўсёй камічнасці дыскусіі антыгееўскага андэграўнду ў Штатах эксперты заклікаюць ставіцца да яго ўсур’ёз. Па-сутнасці, гэта маргінальныя палітычныя супольнасці, адкуль можна чакаць чаго
заўгодна. Так, у 2009 годзе сябра кангрэгацыі Faithful Word Baptist Church, якая вядомая сваімі антыгееўскімі выхадкамі, быў арыштаваны ў горадзе Фенікс (Арызона) за спробу прабрацца ўзброеным на
мітынг Абамы.
Фраза Абамы пра права гомасэксуалістаў на аднаполыя шлюбы дае групоўкам, падобным да Faithful Word Baptist Church, шанец пашырыць свой уплыў на грамадства. Відавочна, што тэма аднаполых шлюбаў стане
адной з галоўных тэмаў выбарчай кампаніі. Рэспубліканцы будуць мабілізаваць электарат супраць Абамы менавіта па гэтаму пытанню, і радыкальныя ксенафобскія тэорыі могуць атрымаць выхад на вялікую
аўдыторыю.
Антыгеі падчас кампаніі могуць прасунуцца ў структуры рэспубліканцаў. Варта ўзгадаць, што ў 1980 годзе шмат сябраў на той час распушчанай Save Our Children падтрымалі кандыдатуру Рональда Рэйгана і,
спекулюючы на гееўскай тэматыцы, зрабілі вялікі ўнёсак у яго перамогу. Такім быў Гары Баўэр, які пасля перамогі Рэйгана стаў адным з самых высокіх чыноўнікаў у адміністрацыі прэзідэнта. Цяпер Баўэр
кіруе цэнтрам Heterosexuals Organized for a Moral Environment, які штурхае ідэю пра тое, што кожны гомасэксуаліст у душы марыць забіць хаця б аднаго гетэрасэксуала.
Яшчэ больш эксперты баяцца гіпербалізацыі пытання, калі перамога Абамы будзе трактавацца ангы-геямі як фатальная катастрофа, пралог наступлення ледзь не канца свету. Пакуль, здаецца, лагер anti-LGBT
на такі сцэнар фінальнай бітвы і арыентуюцца. На першым сумесным пасяджэнні лідары заявілі, што перамога Абамы з яго аднаполымі шлюбамі — гэта «Тарнада, што разбурыць
Амерыку».