ЗША. Расісты атакуюць «Міс Амерыку»
Не паспела Ніна Давулуры, амерыканка індыйскага паходжання, 15 верасня атрымаць карону «Міс Амерыкі, як расісты пачалі кампанію супраць яе. На інтэрнэт-форумах і ў твітары з’явіліся каментары расісцкага характару. Яе называюць «Міс Аль-Каіда» і «Міс Індыя».
Ніна Давулуры
Найбольш махровыя ксенафобы ўвогуле лічаць, што неабходна змяніць правілы конкурсу «Міс Амерыка» і дапускаць на яго выключна белых амерыканак. Натуральна, знайшліся такія, хто лічыць, што журы конкурсу галасавала па палітычных кан’юнктурных матывах. Быццам, засеўшыя там лібералы валілі ўсіх кандыдатак з сярэдняга Захаду — бастыёну амерыканскага кансерватызму.
Тэрэза Вайл
Перш за ўсё, гаворка пра Тэрэзу Вайл — першую прыгажуню штату Канзас. Яна адпавядае ўсім крытэрыям сапраўднага кансерватара — ходзіць у пратэстанцкую царкву, з’яўляецца сябрам мілітарнай групоўкі аховы правапарадку і ў дадатак — натуральная бландзінка. У выніку галасавання сябраў журы Тэрэза апынулася толькі на 10-м месцы, што выклікала гнеў усіх амерыканскіх правых.
Паводле амерыканскай прэсы