ЗША. Шэсць смяротных ахвяраў тарнада ў Тэхасе
Як мінімум шэсць смяротных ахвяраў, сто параненых і 14 зніклых бязь звестак, — гэта найноўшыя дадзеныя пра тарнада, якое абрынулася на амерыканскі штат Тэхас.
Моцны вецер, які сарваў дахі, лініі электраперадачы і паламаў дрэвы, цяпер рухаецца ў напрамку Аклахомы.
Усё адбылося ўвечары паводле мясцовага часу ў паўночнай частцы Тэхаса, на захад ад Даласа. Мясцовыя ўлады ацэньваюць, што былі знішчаныя як мінімум 120 дамоў.
Пад руінамі разбураных будынкаў, якія прачосваюць выратавальныя каманды, могуць знаходзіцца параненыя асобы. Сведкі паведамляюць, што апрача парывістага ветру ў Паўночным Тэхасе выпаў даволі буйны град, які таксама нанёс шмат шкодаў.
Мясцовыя метэаралагічныя службы папярэджваюць, што тарнада можа абрынуцца на Тэхас і Аклахому яшчэ раз. У сувязі з гэтым праходзіць эвакуацыя жыхароў раёнаў, якія апынуліся пад пагрозай стыхійнага бедства.