ЗША плануюць часова размясціць ЗРК «Пэтрыёт» у Літве

Пентагон разглядае магчымасць размяшчэння ў Літве зенітна-ракетных комплексаў «Пэтрыёт» падчас правядзення вучэнняў НАТО летам 2017 года.

patriot.jpg

ЗРК, па словах суразмоўцаў агенцтва, плануецца разгарнуць у Літве ў ліпені падчас вучэнняў па супрацьпаветранай абароне. Да канца жніўня — пачатку верасня, калі РФ і Беларусь плануюць праводзіць вучэнні «Захад — 2017», «Пэтрыёт» пакінуць рэгіён, дадалі яны.
Калі рашэнне аб часовым разгортванні «Пэтрыёт» у Літве будзе прынята, адзначае AP, гэта стане першым выпадкам размяшчэння гэтых комплексаў у краінах Балтыі.
Міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс, які прыбыў 10 траўня з візітам у Літву, адмовіўся наўпрост адказваць на пытанні журналістаў аб размяшчэнні ЗРК «Пэтрыёт» у гэтай краіне. Мэціс толькі ў чарговы раз падкрэсліў, што ЗША лічаць гэтыя комплексы асабліва абарончымі і ня пагрозлівымі бяспецы Расіі.
Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ на сумеснай прэс-канферэнцыі з Мэцісом таксама абмежавалася заявай, што краіны Балтыі маюць патрэбу «ва ўсіх разумных сродках абароны і стрымлівання».
Раней Грыбаўскайтэ неаднаразова выступала за стварэнне ў рэгіёне сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Расійскія ўлады раней вельмі негатыўна рэагавалі на магчымасць размяшчэння ля межаў краіны ЗРК «Пэтрыёт». РФ, у прыватнасці, выступала супраць размяшчэння такіх комплексаў у Польшчы.Восенню 2016 года Расія перакінула ў Калінінградскую вобласць комплексы С-400 і «Іскандэр». Дзярждэпартамэнт ЗША тады назваў гэтае рашэнне «пагрозай еўрапейскай бяспецы».
У канцы жніўня — пачатку верасня 2017 года на тэрыторыі Калінінградскай вобласці і ў Беларусі павінны прайсці буйныя сумесныя вучэнні «Захад». Па ацэнцы Пентагона, у вучэннях будуць задзейнічаныя ад 70 тысячы да 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў.
Паводле meduza.io