ЗША заявілі аб скарачэннях бюджэту ААН больш чым на 285 мільёнаў даляраў

Злучаныя Штаты заяўляюць, што ўзгаднілі скарачэнне бюджэту ААН на 2018-2019 гады на суму больш чым 285 мільёнаў даляраў. Вашынгтон называе арганізацыю неэфэктыўнай. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода

Сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі

Сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі

У афіцыйнай заяве амэрыканскага ўраду не пазначаная ўся сума бюджэту Арганізацыі і не пазначана, як гэта паўплывае на ўнёскі ЗША, што з'яўляюцца асноўнай крыніцай фінансавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі заявіла, што «неэфэктыўнасьць і перарасход» арганізацыі добра вядомыя, і Вашынгтон не дазволіць «выкарыстоўваць шчодрасць амэрыканскага народа».
«Гэта гістарычнае скарачэнне выдаткаў — у дадатак да шматлікіх іншых крокаў вядзе да большай эфэктыўнасці і падсправаздачнасці ААН — гэта вялікі крок у правільным кірунку», — заявіла Хэйлі.
Яна таксама сказала, што, хоць місія ЗША пры ААН задаволеная вынікамі бюджэтных перамоваў, яна будзе працягваць «шукаць шляхі павышэння эфэктыўнасці ААН, абараняючы нашы (ЗША — РС) інтарэсы».
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў, што паменшыць фінансавую дапамогу краінам, якія прагаласуюць за рэзалюцыю ААН, якая асуджае прызнанне Вашынгтонам Ерусаліму сталіцай Ізраілю. «Яны бяруць сотні мільёнаў даляраў і нават мільярды даляраў, а потым галасуюць супраць нас. Што ж, мы сочым за гэтымі галасамі. Няхай галасуюць супраць нас. Мы зэканомім нямала. Нам усё роўна», — заявіў Трамп перад журналістамі ў Белым доме.
21 снежня Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю, што абвясціла несапраўдным рашэнне ЗША прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю і асудзіла рашэнне Трампа перанесці ў гэты горад амерыканскую амбасаду.
За рэзалюцыю прагаласавала пераважная большасць краін-удзельніц ААН — 128. Дзевяць краін выказаліся супраць, 35 краін устрымаліся. Беларусь галасавала ў падтрымку рэзалюцыі.