Жыхары Панкіскай цясніны напалі на паліцыянтаў з-за будаўніцтва ГЭС

Пратэсты ў Панкіскай цясніне адбыліся з-за таго, што будаўніцтва гідраэлектрастанцыі пачалося без узгаднення з мясцовымі жыхарамі. Прадстаўнікі ўладаў паабяцалі вырашыць праблемы жыхароў з-за будаўніцтва ГЭС, але гэтага не здарылася.



Скрын з відэа Ruptly

Скрын з відэа Ruptly

Жыхары Панкіскай цясніны напалі на паліцыянтаў з-за будаўніцтва ГЭС. Пацярпелі больш за 50 чалавек.

У Панкіскай цясніне на поўначы Грузіі 21 красавіка прайшла акцыя пратэсту з-за пачатку будаўніцтва ГЭС «Хадоры-3» на рацэ Алазані. Да аховы месца ў сяла Біркіяні, дзе вяліся будаўнічыя работы, прыцягнулі спецпадраздзяленні МУС Грузіі. Паміж мясцовымі жыхарамі і паліцыянтавмі адбыліся сутыкненні. Падчас сутычак пратэстоўцы крычалі: «Алах акбар!» і «Гэта наша зямля!». Таксама рабіліся спробы падпаліць паліцэйскія аўтамабілі, сцвярджае радыё «Эхо Кавказа».



Відэа з месца падзей грузінскія СМІ распаўсюджвалі з самай раніцы. У прамым эфіры можна было назіраць, як мясцовая жыхарка — сталая жанчына — палкай біла паліцыянта са шчытом у руках, а той падскокваў на месцы ды імкнуўся пазбегнуць удараў. Ці як маладая дзяўчына ў хіджабе, нароўні з мужчынамі, кідала камяні ў бок паліцыянтаў. А выкрыкі пратэстоўцаў: «Гэта наша зямля!» заглушаліся свістам гумовых куляў і хлопаннем слезацечных снарадаў.

Калі меркаваць па кадрах відэа Ruptly, удзельнікі акцыі пратэсту, у тым ліку жанчыны сталага ўзросту, закідвалі паліцыянтаў камянямі і іншымі прадметамі. На гэтым запісе паліцыянты не ўжывалі сілу ў адказ на дзеянні пратэстоўцаў.

Ruptly

Падчас сутыкненняў паліцыя выкарыстала слёзацечны газ супраць пратэстоўцаў, паведамляе «Першы канал» грузінскага тэлебачання. Па словах мясцовых жыхароў, у іх стралялі гумовымі кулямі. 

МУС Грузіі паведаміла, што ў сутыкненнях пацярпелі 55 чалавек: 38 паліцэйскіх і 17 мясцовых жыхароў. Больш за 20 супрацоўнікаў паліцыі ўвечары 21 красавіка знаходзіліся ў шпіталях. МУС распачало крымінальную справу аб нападзе на паліцыянтаў і пашкоджанні маёмасці.

Скрын з відэа Ruptly

Скрын з відэа Ruptly

Пратэсты ў Панкіскай цясніне адбыліся з-за таго, што будаўніцтва гідраэлектрастанцыі пачалося без узгаднення з мясцовымі жыхарамі. Некалькі дзён таму прадстаўнікі ўладаў паабяцалі вырашыць праблемы, якія турбуюць жыхароў з-за будаўніцтва ГЭС, але гэтага не здарылася.

Фота www.ekhokavkaza.com

Фота www.ekhokavkaza.com

Старэйшына Панкіскай цясніны Хасо Хангашвілі заклікаў пратэстоўцаў пачаць перамовы. З такой жа прапановай выступіў намеснік кіраўніка МУС Кахабер Сабанадзэ, які паведаміў, што будаўніцтва ГЭС прыпыненае. Кіраўнік МУС Георгій Гахарыя на сустрэчы з пратэстоўцамі паведаміў, што гідраэлектрастанцыя з'явіцца, калі яе будаўніцтва падтрымаюць 90% мясцовых жыхароў.

З крытыкай на ўлады абрынуліся прадстаўнікі апазіцыйных партый. «Еўрапейская Грузія» і «Нацыянальны Рух» абвінавацілі ўладу ў няўменні весці дыялог з мясцовым насельніцтвам, у поўным ігнараванні яго інтарэсаў.

Паводле meduza.io, www.ekhokavkaza.com