Антыфашысту Іллі Валавіку, які адбывае буйны тэрмін за кратамі, сёння споўнілася 32 гады

Ілля Валавік — антыфашыст, у сакавіку 2017 года асуджаны на 10 гадоў узмоцненага рэжыму за сутычку з нацыстамі. Ніякіх прэтэнзій і пацярпелых, фізічны і псіхалагічны ціск з боку сілавікоў, але як вынік прагучалі прысуды да 12 гадоў пазбаўлення волі.

illja_valavik__2__logo_1_1.jpg


Нагадаем, 29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава ў Мінску, а пасля невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе і распылілі газ. Крымінальную справу распачалі паводле арт. 339 «Хуліганства», частка 2, пазней змянілі на частку 3 гэтага артыкулу. Групу грамадскіх актывістаў і футбольных фанатаў абвінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні «іншай сацыяльнай групы» — заўзятараў футбольнага клубу «Тарпеда».

Падчас пасяджэнняў пацярпелыя адмовіліся ад усіх прэтэнзій да антыфашыстаў з просьбай не ўжываць да іх пакарання. Абвінавачаныя заявілі пра ціск з боку ГУБАЗіКа падчас следства на працягу года ў СІЗА.

У выніку шасцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зняволення: Ілля Валавік — 10 гадоў пазбаўлення волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.

«Людажэрскія тэрміны за вальнадумства і годнасць, катаванні і ціск, пагрозы сем'ям і блізкім — усё гэта не вынік “выбараў” 2020 года і не навіна рэжыму. Дзесяцігоддзямі самыя годныя людзі краіны перажывалі ўсё гэта, нязгодныя з бязмежжам злачыннай улады. Накіраванае на пэўныя групы насельніцтва, зло рэпрэсій заставалася незаўважанай большасцю, што і прывяло да трагедыі цэлага народа», — напісалі ў НЧ сябры і паплечнікі Іллі Валавіка.

«У гэты дзень мы хацелі б пажадаць Іллі здароўя і сіл заставацца сабой нягледзячы на гады пазбаўленняў і выпрабаванняў! Until all are free!», — віншуюць яны свайго сябра.

Нагадаем, што пра Іллю Валавіка зняты фільм «Партрэт беларускага антыфашыста».