Ганна Севярынец: «Я сапраўды ведаю, як жыць — для сябе, у мяне наконт сябе ёсць непахісная праграма»

Як сустрэць Новы год у час вайны? Ці можна перавыхаваць дарослага чалавека? Як пачуваешся, калі людзі чакаюць ад цябе парад? «СН плюс» апублікавалі вялікую размову з «народнай настаўніцай» Ганнай Севярынец.

Фота Андрэя Давыдчыка

Фота Андрэя Давыдчыка

Пра штодзённасць, звычайную і няпростую, і пра тое, што дае моцы яе пражываць, размаўляем з Ганнай Севярынец. І пра коцікаў.

Пра белліт і Гедройця

 — Спадарыня Ганна, галоўнае на сёння пытанне: вы рыхтуецеся да свят? У цяперашнім вашым жыцці ёсць месца Раству, Новаму году і веры ў цуд?

— У мяне ж Ілля пад бокам (сын Ганны. — Рэд.). Прынамсі ў яго мусіць быць і Раство, і Новы год. Таму паціху прыглядаюся да новых рэцэптаў: на калядны кекс гаспадыньскага рэсурсу няма, але нешта такое святочна- ўтульнае трэба для сям’і зрабіць. Дзяўчат не чакаем, будзем перамаўляцца віртуальна, то шмат гатоўкі не будзе. А ў сэнсе духоўным — я чакаю аднаго толькі свята, і яно прыйдзе зусім раптоўна. І думаю, там мне будзе ўсё адно, што ставіць на стол.

— Вы глядзелі цырымонію ўручэння «Гедройца»? Увогуле, беларуская літаратура як працэс вас па-ранейшаму займае ці ўжо не да лакальных спрэчак і іншых радасцей літаратара?

— Паколькі цырымонія супала ў мяне з працай, то паглядзець не атрымалася. Я нават не паспела прыкінуць, хто будзе пераможцай: якраз падчас прэміяльнага працэсу адбываліся падзеі з прыватнымі школамі, з’язджалі за мяжу мае дзяўчаты, было шмат клопату, дык я нават наконт таго, што «Мая школа» ўвайшла ў шорт, даведалася ад людзей, якія мяне павіншавалі. Раней пільна за Гедройцам сачыў мой тата, у гутарках з ім мы і вызначалі сваіх лідараў. Цяпер такіх гутарак у мяне ўжо няма.

Беларуская літаратура, безумоўна, мяне займае, калі можна так сфармуляваць. Але найперш, канешне, яе нон-фікшн складнік. Я даўно з цяжкасцю чытаю мастацкія тэксты, любыя, не толькі беларускія, мо гадоў дзесяць ужо мастацкая літаратура як спосаб рэфлексіі над рэчаіснасцю мне падаецца досыць штучнай. Чым болей у тэксце дакументальнага, тым ён для мяне цікавейшы.

Што тычыцца лакальных спрэчак і іншых радасцей — іншы раз і хацелася б пачасаць зуб аб нейкі дыскурс ці выказаць сваю каштоўную думку наконт кагосьці ці чагосьці, але ўвесь час спыняюся: гэта ўсё дробязі на фоне падзей. Сорамна разводзіць нейкія звадкі. Урэшце рэшт, што тут спрачацца. Літаратура — прастора няпэўных крытэрыяў і нявызначаных фармулёвак. Немагчыма спрачацца канструктыўна, як на мяне.

От хацела была днямі паспрачацца з адным ананімным крытыкам (/2022/11/26/vruchili-gedrojczya-glavnuyu-literaturnuyu-premiyu-belarusi-trete-mesto-neozhidanno-zanyala-detskaya-kniga/) вашага выдання наконт фармулёўкі, быццам «Мая школа» — гэта псеўдамемуары, але таксама кінула. Мемуары — зусім іншы жанр, канешне, а ўжо псеўдамемуары — тым больш. Калі б мне хацелася напісаць псеўдамемуары, я б, напэўна, пісала б такі тэкст ад імя Соф’і Нашатыр. Хацела была, але махнула рукой: якая розніца, насамрэч. Калі б ад гэтай спрэчкі пераставалі ляцець бомбы ці адчынілся б турмы — яе варта было б распачынаць, а так — толькі языком малаціць.

Чытачоў звычайна збівае з панталыку першая асоба апавядальніка, калі ў творы ёсць герой «я». Тады ўсе думаюць, што гэта аўтар і ёсць (даволі наіўнае перакананне, яго шчэ на першым курсе філфака разбіраюць па костачках). А яшчэ калі назваць гэтага героя сваім іменем — тут ужо і зусім цікавая гульня пачынаецца. У мяне фактычна ўсе мастацкія кніжкі напісаны з гэтым героем — найперш таму, што я спрабую сысці ад штучнасці, якая мне муляе ў мастацкай літаратуры. Дадаць туды праўду, дакументальнасць, нон-фікшн (цяпер з’явіўся новы тэрмін — аўтафікшн, ён крыху смешны, але перспектыўны). Дарэчы, калі пісалася «Мая школа», я шчэ працавала ў смалявіцкай школе. Як вы лічыце, ці магла я дазволіць сабе мемуары? Мяне б з’елі і костачак не пакінулі б. То гэта, канешне, проста звычайная мастацкая кніжка. Хіба што там ёсць герой, які дадае адчуванне праўды. 

Кніга Ганны Севярынец «Мая школа» трапіла ў шорт-ліст Прэміі Гедройца 2022 года

Кніга Ганны Севярынец «Мая школа» трапіла ў шорт-ліст Прэміі Гедройца 2022 года

— Вы чыталі кагосьці з шорт-лістараў прэміі? Падзеліцеся ўражаннямі?

— Абламейку не толькі чытала — гэта ў мяне зараз настольная кніжка, там шмат інфармацыі, якая мне патрэбная для каментавання сваёй цяперашняй кніжкі. У мяне ёсць пытанні да аўтарскіх ацэнак і высноў, з некаторымі тэзісамі я б паспрачалася ў лепшыя часы, але фактаграфія там унікальная, мне такога даследавання не ставала, калі я пісала «Бельгію».

На жаль, больш нікога не паспела прачытаць. Вольгу Гапееву даўно хачу чытануць, але мяне ўвесь час пужаюць анонсы яе кніг: я перахварэла на такія кніжкі ў маладосці, вельмі шмат іх начыталася, цяпер не лезе. Але трэба спраўдзіць, канешне, бо анонс — гэта анонс.

Дарэчы, з характарыстыкамі ў нас наогул бяда. Мяне гэта яшчэ здзіўляла, калі выйшаў раман «Лібіда» Іллі Сіна. Кніжка цікавая, па-майстэрску зробленая, але ўсё тое, за што яе хвалілі — гэта ўсё для еўрапейскай літаратуры пройдзены этап, ад Селіна да Сарокіна. Чамусьці ў крытыцы ў нас прынята ў гэтым сэнсе ісці ўверх па лесвіцы, якая вядзе ўніз. Бяруцца характарыстыкі, прачытаныя ў замежных водгуках, і падаюцца нібыта як далучэнне нашых да еўрапейскай літаратуры. Нашто далучацца да пройдзенага, мне цяжка зразумець. Хіба каб лакуны закрыць, як Максім Багдановіч у «Вянку». Ці яшчэ ёсць смешная звычка: «Гэта наш Бакачча! Гэта наш Пушкін! Гэта наш Дастаеўскі!». Прычым чым мізэрнейшы тэкст, тым маштабнейшае параўнанне. Для чаго так ганьбіць аўтараў, не ведаю. Нібыта без гэткіх параўнанняў казаць няма пра што. 

272809093_4946690392060593_8564686202049328838_n.jpg

 

 Пра настаўніцтва і выхаванне

— Ад вас як медыйнай персоны ўвесь час чакаюць парад, як жыць. Я ў тым запэўнілася, спытаўшы вашу прыхільніцу: якое пытанне яна задала б Ганне Севярынец, каб была магчымасць? Не страшна несці такую адказнасць? Ці вам такая роля падабаецца?

— Мяне такая роля бесіць. Я яе на сябе не брала, і тое, што яна так выглядае, моцна мяне непакоіць. Цяжка аналізаваць свой стыль, магчыма, у ім нейкая настаўніцкая павучальнасць і дыдактызм… можа быць, я проста прамаўляю нейкія простыя рэчы, якія зручна браць у якасці рэцэптаў… Не ведаю. Я сапраўды часцяком пішу, маючы на ўвазе нейкія задачы: альбо перабіць які-небудзь тупаваты дыскурс, альбо падтрымаць кагосьці, альбо нешта параіць ці паведаміць, альбо абараніць дзяцей ад гіперадказных бацькоў. Але Божа мяне барані выступаць у якасці бездакорнага аўтарытэту. Я і ў школе на ўроках перад дзецьмі стараюся памыляцца, чагосьці не ведаць, прылюдна гугліць элементарныя правілы, каб у іх не складалася думка, што я ўсяведная ці галоўная тут.

Але жарт у тым, што я сапраўды ведаю, як жыць — для сябе. У мяне наконт сябе ёсць непахісная праграма, я шмат над ёй думала, з самага падлеткавага ўзросту, яна добра распрацавана і пакуль мяне не падводзіла. Магчыма, яшчэ падвядзе — такое бывае з тымі, хто нешта ведае; значна часцей, чым з іншымі.

— У кнізе «Мая школа» кідаецца ў вочы любоў да справы — ледзьве не апантанасць. Як вам удаецца не стамляцца і не расчароўвацца? Беларуская школа — не самае натхняльнае месца, як на мяне.

— Як на мяне, розніцы няма, якая школа, беларуская ці іншая. Для мяне натхняльны сам працэс урока. Як яго пабудаваць, як імгненна зрэагаваць на клас, на сітуацыю, на выпадак, як хутка змяніць першапачатковую пабудову і вывесці ўрок на канструктыў, як перадаць веданне альбо навык — і потым бачыць, як ён выкарыстоўваецца дзецьмі як свой. Гэта, напэўна, нешта кшталту спартыўнага імпэту. У мяне ў галаве шмат ведаў і разважанняў — іх таксама трэба некуды аддаваць. Я, канешне, моцна стамляюся. Настаўніцкі труд надзвычай цяжкі. Вось цяпер я абкладзеная з усіх бакоў, фактычна — мая прафесія мне забаронена, але я нават дзесьці і радуюся адпачынку. Хаця пачынае непрыемна цягнуць пад каленкамі, калі праходжу паўз школьны будынак і бачу святло ў вокнах кабінетаў. Маё месца ля школьнай дошкі, проста анатамічна. Там у сусвеце выразана для мяне адтуліна па маіх формах, і калі я не ў ёй, мне цяжка.

А яшчэ я люблю дзяцей. Не ў тым сэнсе, як «дзедушка Ленін» іх любіў, а проста па-чалавечы. Яны файныя суразмоўцы, у іх вельмі няпростае і глыбокае жыццё. Напэўна, мне не хапае сваёй такой глыбіні, а можа, я разам з імі кожны раз выкарасківаюся з нейкіх сваіх падлеткавых страхаў і перажыванняў, і кожны раз лепей за папярэдні.

— Вы нядаўна напісалі: «Была я вельмі наіўная, калі таксама, разам з іншымі, задавалася пытаннямі "Калі ж мы вывучым урокі гісторыі" ці "Калі ўсе нарэшце зразумеюць…". Ніхто нічога не вучыць і ніхто нічога не зразумее». Што прывяло вас да гэтага адкрыцця? Няўжо Ганна Севярынец робіцца цынікам?

— От і сапраўды адкрыццё. Вынаходніцтва ровара. Хутчэй, некаторы час мне падавалася, што можна паспрабаваць рухацца далей праз урокі гісторыі. Прынамсі, я жыла ў свеце, дзе навокал не было вайны, і мне падавалася, што гэта і ёсць плён вывучаных урокаў. Цяпер відавочна, што ўрокі гісторыі не дапамагаюць. Але непамысна думаць, што не дапамагае нічога. Трэба шукаць. Гэта як з дзецьмі: не спрацаваў адзін план —  трэба думаць над іншым.

— Што важней — выхоўваць дзяцей ці любіць іх?

— Выхоўваць трэба сябе, а дзяцей любіць, канешне.

— Скажыце як педагог: як вы лічыце, дарослага чалавека, які чыніць зло, яшчэ можна ўратаваць ці перавыхаваць?

— Не, дарослага нельга. Нават, я думаю, і падлетка, які прайшоў падлеткавы ўзрост, таксама ўжо нельга. Апошні тэрмін для змены матрыц — унутры пераходнага ўзросту, думаю.

— Сустракала меркаванне, што Беларусь — так званая «выпаленая зямля» і нічога тут жывога не засталося. Мяне як чалавека, які тут жыве і працуе, мякка кажучы, такія словы прыводзяць у раздражненне. А як вам такія заявы?

— Апошнім часам я жыву з такой дзяжурнай фразай унутры: «Госпадзе Божа, як шмат на свеце дурных (бывае варыянт — тупых) людзей». Разоў дзесяць-пятнаццаць за дзень яна ў мяне ўнутры актуалізуецца. Іншы раз і ўголас скажу. Спадзяюся, застаючыся тут, я ўсё ж нешта раблю для таго, каб дурных было меней, хаця б на пару чалавечкаў. 

Фота Дзіны Ярмоленка

Фота Дзіны Ярмоленка

 

Пра тое, што ратуе

— Апошні час вы жывяце кнігай пра Міхася Чарота і ягоную працу ў «Савецкай Беларусі». Гэта ідэйны працяг «Гасцініцы «Бельгія», калі казаць пра вобраз Чарота, ці вы яго з таго часу пераасэнсавалі? Іначай кажучы, Чарот у новай кнізе працягне шэраг вашых герояў — рамантычных, злёгку ідэалізаваных?

— Гэтая кніга дакументальная, майго тэксту там — прадмова і каментары. То мне там з ідэалізацыяй асабліва няма дзе разгарнуцца. Іншая справа, што я іх усіх з таго пакалення вельмі добра разумею (мне так падаецца). Можа быць, праз тое складваецца ўражанне, што я іх ідэалізую. Мне іншы раз гавораць, што я ідэалізую сусвет, і кожны раз я дзіўлюся, што гэта так можна назваць, аказваецца. Знутры мяне гэта выглядае не так.

Наогул мне падаецца, што я не цынік, канешне, але даволі сумная і неаптымістычная жанчына. Асноўны мой настрой па жыцці — гэта смутак, сказаць па праўдзе, і не толькі цяпер — заўсёды. Іншая справа, што я свой смутак не цягну на людзі. Куды ўжо тут ідэалізаваць нешта. Але калі я такое кажу каму-небудзь — усе смяюцца.

Аднойчы нехта папрасіў: а дайце сваіх светлых вершаў пра Раство. Я ажно папярхнулася. Як па мне, у мяне ў прынцыпе няма светлых вершаў (назавём іх вершамі), як і светлай прозы. Яно ўсё сумнае. Але людзі ўспрымаюць так, як успрымаюць.

І вось яшчэ цікава. Гэта не толькі маіх тэкстаў датычыцца, гэта агульны такі трэнд, планетарны. Кнігі, у якіх пераважае гуманістычны антрапацэнтрычны погляд, чамусьці каментуюцца крытыкамі «праз губу» і лічацца наіўнымі. Ідэалізацыя, бла-бла-бла. Затое любы нуар і мізантропія абавязкова лічыцца інтэлектуальнай літаратурай. Я думаю, у тым, што агулам існуе такая сістэма каардынат, у якой перавага дабра лічыцца наіўнасцю, а перавага зла — інтэлектуальнасцю, шмат у чым вінная ў гісторыі чалавецтва. Чаму мы ўсе чакаем ад чалавецтва справядлівасці, спакою, міру і павагі да сябе — і пры гэтым аб’яўляем такую сістэму каштоўнасцей у літаратуры наіўнай? Бачыць чалавека спагадлівымі вачыма — гэта не ідэалізацыя. Прабачаць чалавеку ягоныя хібы — гэта не ідэалізацыя. Прымаць чалавека такім, які ён ёсць, і працягваць яго любіць — гэта не ідэалізацыя. Гэта нармальнае маральнае стаўленне да чалавека.

Але мы ўсё яшчэ так не ўмеем. У нас любое дабро прыходзіць з пугай. Загонім чалавецтва жалезнай рукой у павагу да жанчын, у прызнанне ахвяры, у абарону меншасцей, у BLM, а хто супраць, таму культура адмены. Такое ўжо гопніцтва, цяжка глядзець. Гвалтам нічога не робіцца. Усё вартае робіцца (ці мусіць рабіцца) толькі праз павагу, прыняцце, любоў, доўгую спакойную гутарку.

Але, безумоўна, кожны абірае для сябе, у свеце якіх інтэрпрэтацый яму жыць.

— У вас быў допіс, што «катоў у хаце болей, чым людзей». Я лічу, чытач мусіць ведаць пра коцікаў Ганны Севярынец.

— У мяне іх тры. Ліза — вельмі старая кошка, ёй гадоў шаснаццаць ці нават болей. Калісьці ў Серабранцы нехта выкінуў кацянят у кардоннай скрыні, а была ўжо восень, там бегалі сабакі, дык мы аднаго коціка ўзялі сабе. Другі — маё сэрца, любоў і радасць, мой любімчык. Яго завуць Кот. Яго мы забралі ў сястрычкі, калі акацілася ейная котка. Надзвычай шляхетны, выхаваны, далікатны кот, маўклівы, флегматычны, спакойны. Я і людзей такіх люблюнемагу, і жывёл. Ну, і трэці — вясковы падшыванец. Яго нарадзіла маладая котка, сама яшчэ падлетак, вельмі неахайная маці, і гэты коцік быў ну зусім бядося: маленькі, слабенькі, увесь час яна яго нагой адкідвала, такі нежылец на гэтым свеце. Ён бы здох там на вёсцы, канешне, як толькі прыйшлі б маразы. Я б і не брала яго, я не тое каб сентыментальны чалавек, усіх не ўратуеш, дый тры каты — гэта зусім няпроста для мяне. Але дзеці ўгаварылі, і муж неяк моцна тога коціка шкадаваў, дадаў сваё слова ў ягоную абарону. Назвалі яны яго Персік, але ў мяне ён Шкілет альбо Котамыш. Надта тонкія костачкі ў яго, страшна браць у рукі. Спіць выключна ў мяне на грудзях, то я зноў не маю магчымасці высыпацца — але да гэтага, падняўшы трох дзяцей, я ўжо неяк і прызвычаілася. 

Гадаванцы «народнай настаўніцы»

Гадаванцы «народнай настаўніцы»

 

— Крыху болей за месяц таму вашыя дочкі з’ехалі з Беларусі. Як яны цяпер? І як — вы?

— Яны жывуць добрым студэнцкім жыццём: вучацца, пяюць у хоры, ходзяць на канцэрты, удзельнічаюць у жыцці дыяспары, працуюць, бо я адсюль не магу ім грашыма дапамагчы, асабліва як цяпер без працы. Я сумую, канешне, моцна. Але гэта лепей, чым кожную хвіліну думаць, ці не прыйшлі па іх і ці абміне іх чарговая чорная хваля. Яны вернуцца з нармальнымі вольнымі галовамі і адэкватнымі паводзінамі незапалоханых людзей — гэтая думка мяне грэе.

— Вы трымаеце сувязь з «вашымі дзецьмі» — навучэнцамі закрытай цяпер школы?

— Канешне. Па-першае, іх трэба давучыць, тым ці іншым чынам. Ім экзамен здаваць увесну, у мяне свая праграма падрыхтоўкі, як яе спыніць. А па-другое, яны ж усё адно мае дзеці. Хто трапіў у настаўніцкія кіпці — таго мы ўжо трымаем навідавоку потым.

— Бачыла, што вы адпісаліся ад сайтаў навін. Яшчэ трымаеце гэтую інфадыету? Ёсць плён?

— Я іх увечары цяпер чытаю, перад сном, з мэтай разумець, што адбываецца. Ілюзія кантролю. Іншы раз слухаю нешта на ютубе. Што праўда, аналітыка цяпер — любая, з любога боку — моцна раздражняе, бо, здаецца, губляе сувязь з рэальнасцю. То-бок я ў курсе ўсіх навін, хіба што рэгулюю іх паступленне ў галаву.

— Што ратуе Ганну Севярынец у чорныя дні?

— Мае ўласныя дзеці. А яшчэ — адна справа, не скажу пакуль, якая. Але ў тым вольным свеце, які абавязкова будзе апасля чорных дзён, яна будзе патрэбная не толькі мне — нават калі мяне ўжо не будзе.

— Што вы загадаеце на Новы год?

— Каб скончылася вайна і каб усе адусюль вярнуліся дадому.