Журналісту-расследавальніку НЧ Дзянісу Івашыну прызначылі дату апеляцыі
Разгляд апеляцыйнай скаргі журналіста «Новага Часу» Дзяніса Івашына прызначаны на 20 снежня. Пра гэту дату паведаміла ў сваім тэлеграм-канале жонка журналіста-палітвязня.
![Фота з сацсетак Фота з сацсетак](/img/v1/images/dzjanis_ivaszyn_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сацсетак
Дзяніс Івашын — журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу». Сумесна з камандай «InformNapalm» ён зрабіў шэраг артыкулаў, у якіх расследаваў дзейнасць былых «беркутаўцаў» у беларускіх сілавых органах. КДБ абвінаваціў Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.
Вольга Івашына напісала, што нядаўна Дзяніс папрасіў перадаць яму вялікую спартовую торбу. Імаверна, меркаваў, што ў хуткім часе яму давядзецца "пераязджаць", што можа быць звязана з так званай "апеляцыяй", пасля адмовы ў якой “Дзянісу паведамяць, куды збіраюцца пераводзіць».
«І вось учора, — піша Вольга, — супрацоўнік будынка колішняга Вярхоўнага Суда пацвердзіў, што разгляд так бы мовіць "апеляцыйнай скаргі" на "прысуд" Дзянісу адбудзецца 20 снежня а 9:30».
Вольга Івашына адзначае, што разгляд апеляцыі адбудзецца таксама ў закрытым рэжыме: «бо "дзяржтаямніцы" кшталту спісу… "беркутаўцаў" у чаргу на льготныя беларускія кватэры з афіцыйнага сайту гарвыканкама маюць разглядацца…. Пра "аб’ектыўнасць" працэсу можа засведчыць хуткасць, з якой "суд" будзе разглядаць скаргу на дзясяткі тамоў "справы"».
![Дзяніс Івашын аспрэчыў прысуд «Раптам адбудзецца нешта доўгачаканае на планеце». Дзяніс Івашын спрабуе аспрэчыць прысуд](/img/v1/images/dzjanis_i_volha_ivaszyny.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Вольга нагадвае, што яшчэ прынамсі да 20 снежня кожны ахвочы можа перадаць Дзянісу перадачу або даслаць пасылку ці грашовы перавод. А пасля ўступлення прысуду ў сілу для несваякоў Дзяніса застануцца толькі лісты і паштоўкі ў якасці падтрымкі.
![Як звязаныя «справа Івашына» і ацяпленне рэзідэнцыі Лукашэнкі? Як звязаныя «справа Івашына» і ацяпленне рэзідэнцыі Лукашэнкі?](/img/v1/images/dzyanis_ivashyn_e1615565631578_1_1_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, 14 верасня суддзя Гродзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прысудзіў палітзняволенаму журналісту, аўтару «Новага Часу» Дзянісу Івашыну 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 150 базавых велічынь за «ўмяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здраду дзяржаве».