Гісторык Алег Латышонак узнагароджаны польскім медалём Стагоддзя аднаўлення незалежнасці краіны

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзнагародзіў 14 выбітных асоб дзяржавы медалём Стагоддзя аднаўлення незалежнасці краіны. Сярод узнагароджаных — беларуска-польскі гісторык, удзельнік змагання з камуністычным рэжымам у час «Салідарнасці» Алег Латышонак.

photo_2023_01_09_21_50_29.jpg


Урачыстасць прайшла ў Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. Мерапрыемства падтрымалі музычна-літаратурнымі выступленнямі.

«Я шчыра ўсхваляваны такім знакам пашаны, — сказаў Латышонак «Радыё Рацыя». — Скажу шчыра, што гэта ўзнагарода нечаканая. Я не думаў, што атрымаю яе. Нават думаю, што не заслужыў. Гэта не першы мой ордэн і медаль, але раней меў пачуццё, што неяк заслужыў гэта, а тут, мне здаецца, атрымаў таму, што я беларус, стараўся штосьці зрабіць на карысць Польшчы і Беларусі».

Алег Латышонак нарадзіўся ў 1957 годзе ў Эльблонгу, у сям'і беларускіх інтэлігентаў. Бацька Юры —выхадзец з Шаркаўшчыны на Віленшчыне (зараз Віцебская вобласць). Маці Вера — з роду Стоцкіх, з наднарваўскай вёскі Лука на Беласточчыне.

У 1965 годзе сям'я Латышонкаў пераехала ў Беласток «да сваіх». У 1980 годзе скончыў гісторыка-філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Вярнуўшыся ў Беласток, працаваў настаўнікам гісторыі ў сельскагаспадарчым механічным тэхнікуме ў Супраслі.

У 1982 годзе аршытаваны за дзейнасць у падпольным руху «Салідарнасць», восем месяцаў правёў у беластоцкім арышце. Пасля вызвалення выехаў у Кракаў, дзе працаваў у Кракаўскім гістарычным музеі і ў Інстытуце даследавання Палоніі (польскай дыяспары) Ягелонскага ўніверсітэта.


У канцы 80-х далучыўся да беларускага студэнцкага руху. Быў адным з заснавальнікаў беларускага рок-фестывалю «Басовішча» і аўтарам яго назвы. Сябра-заснавальнік нефармальнага Беларускага клуба, які займаўся падрыхтоўкай да палітычнай дзейнасці апазіцыйнай беларускай эліты.

У 1991 годзе вярнуўся ў Беласток і распачаў працу ў Музеі Войска Польскага, адначасова ведучы актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. У 1992-1994 гадах — старшыня Галоўнай Рады Беларускага дэмакратычнага аб'яднання, адзінай партыі нацыянальнай меншасці ў Польшчы. У 1993-1997 гадах працаваў журналістам тыднёвіка «Ніва». З 1995 года — сябра Управы Беларускага саюза ў Рэспубліцы Польшча, з 1997-га — намеснік старшыні Цэнтра грамадзянскай адукацыі «Польшча — Беларусь». У 1998 годзе — сустваральнік беларускага радыё «Рацыя».

У 1996 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ва Універсітэце імя Мікалая Каперніка ў Торуні («Беларускія вайсковыя фарміраванні 1917-1923»). Разам з Яўгенам Мірановічам напісаў падручнік «Гісторыя Беларусі ад паловы XVIII да канца XX стагоддзя».


У 2007 годзе ва Універсітэце імя Мікалая Каперніка ў Торуні абараніў доктарскую працу «Ад русінаў белых да беларусаў. Вытокі беларускай нацыянальнай ідэі». У 2008 годзе перавёўся на Кафедру міжнародных адносін у Інстытуце гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта. У гэтым жа годзе ўбачыў свет першы том збору яго твораў на беларускай мове «Жаўнеры БНР».

З 1996 года — старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, сябра Усходнеславянскай камісіі Польскай Акадэміі Умення і Камісіі славянскіх даследаванняў Камітэта гістарычных навук Польскай акадэміі навук.

У 2000 годзе ўганараваны адзнакай «Заслужаны дзеяч культуры». У 2008 годзе — Кавалерскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы.