Музыка Алесь Дзянісаў: «Будзьма шчырымі: гэтая дыктатура — надоўга»

Што застаецца слухаць моладзі ў Беларусі? Ці можа ў краіне віраваць нармальнае музычнае жыцьцё? Гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў настроены песімістычна: застаецца андэграўнд, толькі андэграўнд. Аднак і яго ўлада будзе імкнуцца вынішчаць.

20210529_131450_logo_1_logo.jpg

Зь вядомым рок-музыкам з Горадні, лідарам гуртоў «Кальян», «Людзі на балоце», «Dzieciuki» Алесем Дзянісавым пагаварыла «Св*бода». Ня толькі пра му́зыку. Пасьля затрыманьняў у 2020-м выканаўца мусіў зьехаць зь Беларусі ў Варшаву.

Новы альбом будзе называцца «На белых аблоках сноў»

— Алесь, гурт «Людзі на балоце» нібыта даўно не існуе. На што канкрэтна абвешчаны збор сродкаў?

— Фольк-рок-гурт «Людзі на балоце» паўстаў у 2010 годзе, у 2012-м мы запісалі першы дэбютны студыйны альбом, які так і называўся — «Людзі на балоце». Гэты гурт у 2014 годзе скончыў дзейнасьць. Але паміж музыкамі была дамова: мы абвесьцім, што дэ-юрэ гурт прыпыніў дзейнасьць пасьля таго, як выйдзе другі альбом.

Гэты другі альбом запісваўся цягам 2013–2014 гадоў, потым яго запіс прыпыніўся. І я папраўдзе застаўся адзін. Хаця музыкі таксама зацікаўленыя, каб гэты альбом выйшаў. Частка музыкаў адышла ад справаў, частка мяне падтрымлівае. І я ўзяў на сябе адказнасьць, каб пачаць гэты краўдфандынг. Я ніколі гэтым не займаўся, хоць і даўно ў музыцы. Але ў мяне цяпер няма сродкаў, і невядома, калі яны зьявяцца, каб гэта зрабіць за свой кошт. Я параіўся зь Сяргеем Будкіным, ён са сваёй камандай прапанаваў дапамагчы. Фактычна яны гэта пачалі па маёй просьбе. Дарэчы, больш за палову патрэбных сродкаў ужо сабралі.

Гэты альбом у асноўным на вершы Дануты Бічэль, славутай нашай горадзенскай паэткі. І 6 песняў на вершы Марыі Базылюк-Сасьнюк, паэткі з польскага Падляшша. Усяго ў альбоме 25 альбо 26 песняў. І выйдзе ён пад назвай «На белых аблоках сноў».

 

Басіст Міхал «Зыжу» Вожнярскі і Алесь Дзянісаў

Басіст Міхал «Зыжу» Вожнярскі і Алесь Дзянісаў


— А ці плянуецца прэзэнтацыя, можа, зьберацеся старым складам і арганізуеце канцэрт?

— Я ня ўпэўнены, што мы зьбяромся для канцэрту. Частка музыкаў зараз у Беларусі. Там было шмат інструмэнтаў: скрыпка, флейта, пэркусія, віялянчэль, бас-гітара... На жаль, наўрад ці зьбяромся такім складам. Але я буду размаўляць з часткай музыкаў, каб пасьля выхаду альбому зладзіць 3-4 канцэрты, да прыкладу, у Варшаве, Кракаве, Гданьску, Беластоку. Калі ўдасца, будзе файна. Набіраць нейкі новы склад я ня бачу сэнсу.

Да беларускіх «Дзецюкоў» далучыліся польскія музыкі

— І ўсё ж нейкія канцэрты праходзяць. Нядаўна прагрымеў вялікі зборны канцэрт у Гданську, куды ехалі з усёй Польшчы, ладзяцца канцэрты ў Варшаве. У Польшчы атабарыліся шмат беларускіх музыкаў: Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў, Юры Стыльскі, іншыя. У якім стане зараз беларуская музыка і мае яна пэрспэктыву нейкім чынам захавацца, адрадзіцца?

— Калі ня мы, то хто? Павінна разьвівацца і новае, павінны варушыцца і старыя, той жа Лявон Вольскі, ад якога яшчэ шмат чаго чакаюць.

Я са свайго боку магу сказаць, што «Дзецюкі» працягваюць тут граць. Нам, магчыма, трошкі лягчэй, бо мы даўно мелі польскія сувязі. І пытаньне адраджэньня гурту «Дзецюкі» тут, у Варшаве, даволі лёгка было вырашана. Бо ў нас былі і беларускія сябры, і польскія сябры.

Напрыклад, цяпер у нашым гурце грае на акардэоне паляк, на бас-гітары таксама паляк. Мы працягваем дзейнасьць. Ад ранейшага складу засталіся толькі я і гітарыст Лёша, астатнія ўсе новыя. Таму спачатку трэба было назапасіць нейкую праграму, а потым ужо штосьці новае рабіць. Бо ня можа гурт прыязджаць на фэст ці канцэрт і граць 2-3 песьні. І мы зрабілі 17-18 песняў, а цяпер ужо паўстае пытаньне, каб зрабіць штосьці новае.

Больш за тое: сёлета выйдзе міні-альбом, запісаны яшчэ ў Горадні. Цяперашні склад ня мае дачыненьня да яго. Мы ўвогуле плянавалі вялікі альбом, накшталт першага альбому «Дзецюкоў» «Горадзенскі гармідар», дзе былі і вясёлыя «разьдзяўбайскія песьні», і сур’ёзныя — такая мяшанка. Запісалі ўжо 4 песьні, пятую дараблялі. Потым пачаўся каранавірус, падзеі 2020 году, потым моцныя рэпрэсіі, вайна. І мы зразумелі, што ўжо не запішам так, як плянавалі. Урэшце вырашылі, што дзьве вясёлыя песьні не пасуюць да сытуацыі ў сьвеце і лягуць пакуль на паліцу. Тры песьні выйдуць у выглядзе міні-альбому. Зьвядзеньнем займаецца Сяргей Лабандзіеўскі (Шлёма).


— Вы сказалі, што да вас далучыліся польскія музыкі. Наколькі арганічна яны ўліліся ў ваш беларускі калектыў?

— Насамрэч у нас больш агульнага, чым адрознага. Па-першае, гэта панк-культура. Яна па-над нацыянальнасьцямі. Галоўнае — каб усім падабалася і мы маглі неяк дамовіцца. Я нават не задумваўся над гэтым пытаньнем. Ну калі не палякі, дык маглі быць чэхі, славакі — таксама дамовіліся б! Толькі ім падабалася б тое, што мы разам робім.

Але было вельмі прыемна, што прадстаўнікі іншай нацыі, іншай культуры зь цікавасьцю і павагай паставіліся да нас. Насамрэч пытаньне пра нацыянальнасьці і мовы было другаснае — усё атрымалася. Лабаем — дык лабаем! 

Басіст Міхал «Зыжу» Вожнярскі, Алесь Дзянісаў, Аляксей Пудзін

Басіст Міхал «Зыжу» Вожнярскі, Алесь Дзянісаў, Аляксей Пудзін

«Не магу прызвычаіцца. І сэрцам, і галавой я там, у Беларусі»

— Вы паўтара года ўжо ў Польшчы. Прызвычаіліся? Ці лёгка вам даўся гэты пераезд?

— Пераезд быў вымушаны. Калі я зьязджаў, я ведаў пра адну крымінальную справу, потым яе нібыта спынілі. Даведаўся пра іншую крымінальную справу, якую завялі на ўсіх, хто быў на судзе Вітольда Ашурка. Я ж у судзе быў — ня толькі як журналіст, але і як чалавек, які сябраваў зь Вітольдам.

Я пачаў аналізаваць. Пасадзіць мяне можна было за ўсё што заўгодна: на выступах «Дзецюкоў», ува ўсіх нашых кліпах паўсюль быў бел-чырвона-белы сьцяг, я ўдзельнічаў ува ўсіх акцыях пратэсту, плюс былі выступы на «экстрэмісцкім фарміраваньні» «Белсат» — усё разам гадоў на 15 пацягне. Таму пытаньне, заставацца ці не заставацца ў Беларусі, ужо не стаяла. Я разумеў, што герой героем, але лепш штосьці рабіць на свабодзе.

Вось Ігар Банцар двойчы вяртаўся ў Беларусь, але цяпер ён у Варшаве. Пазаўчора, дарэчы, прыходзілі да сяброў Саюзу палякаў, якія яшчэ заставаліся ў Горадні (14 лістапада сілавікі прыйшлі дадому да актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, у іх дома прайшлі ператрусы. — РС). У тым ліку да жонкі Ігара Банцара. Былі ператрусы, зноў многіх затрымалі.

Ігар сказаў: «Я прайшоў ужо многія кругі пекла, але вяртацца больш ня буду». Я не прайшоў праз гэтыя кругі, але ўяўляю, што мяне чакае ў Беларусі.

Як я ўспрымаю гэты пераезд? Амаль паўтара года мяне няма на радзіме. Я сапраўды не магу прызвычаіцца. І сэрцам, і галавой я там.

Ці я прызвычаіўся да канца? Напэўна, не. Хоць і падзяляю частку анархісцкіх поглядаў накшталт «дзе ты патрэбны, там і харашо», я чалавек, які вельмі моцна «прыкіпеў» да свайго роднага гораду. Разумею, што цяпер ён зусім іншы. Але, тым ня менш, застаецца пачуцьцё маёй малой радзімы. Вялікая радзіма мяне зусім не цікавіць. Але Гродна, Гародня, Горадня — месца, дзе я нарадзіўся, да якога прыкіпеў сэрцам.


«Давайце будзем шчырымі: гэтая дыктатура — надоўга»

— Ці спадзеяцеся вы вярнуцца ў Горадню ў бліжэйшы час?

— Мне зараз 47 гадоў, і здаецца, што я не вярнуся. А мая дачка вернецца. Я мысьлю не пэсымістычна, а рэалістычна. Я не стратэгічны аптыміст, а тактычны пэсыміст. Бо думаю пра нашых дзетак. А яны вернуцца — калі захочуць, вядома.

Давайце будзем шчырымі: гэтая дыктатура — надоўга. І мы яшчэ ня ведаем, наколькі страшна будзе ў Беларусі. На жаль, мы ўжо наўрад ці вернемся: тыя, каму за 40 гадоў — дакладна. Але будзем спадзявацца, што там адбудуцца нейкія зьмены і нашыя дзеткі вернуцца. 

Уладзіслаў Бернат, Алесь Дзянісаў, Аляксей Пудзін, Аляксей Пасікаў

Уладзіслаў Бернат, Алесь Дзянісаў, Аляксей Пудзін, Аляксей Пасікаў

— Ці сутыкаліся вы тут, у Польшчы, з нэгатыўным стаўленьнем да беларусаў: маўляў, з вашай краіны ляцяць ракеты?

— Ні разу не сустрэў агрэсіі, адмоўнага стаўленьня з тае прычыны, што я беларус. Я шмат працаваў з украінцамі ў розных месцах. Калі я страціў асноўную працу, мне давялося працаваць на ўсялякіх складах, разгрузках, загрузках, устаноўцы сцэнаў — з Сашам Памідоравым мы разам сцэну для «Рамштайну» ставілі. То-бок я паўсюль сустракаўся з украінцамі. І я сапраўды ні разу не сустрэў агрэсіі, адмоўнага стаўленьня ад таго, што я беларус. Можа, я сустракаў адэкватных людзей.

Я шчыра разумею ўкраінцаў, таму калі мне скажуць у твар, што з маёй краіны ляцелі ракеты і ішлі салдаты — я гэта зразумею. Не хачу несьці адказнасьць за ўвесь народ, адказваю за сябе. Дык вось я, Алесь Дзянісаў, лічу, што я ў нейкім сэнсе вінаваты ў тым, што зараз адбываецца. Можа, у свой час ня прасьпяваў нейкай песьні, не сказаў чагосьці, ня выйшаў лішні раз на вуліцу, каб сёньня не ішла гэтая вайна. Я асабіста адчуваю сваю віну.

— І ўсё ж вернемся да пачатку нашай размовы — пра музыку. Амаль усе папулярныя беларускія рок-музыкі за мяжой: той жа Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў, якіх вы ўзгадалі, Юры Стыльскі, іншыя. Але ў Беларусі застаецца шмат моладзі, якая таксама прагне канцэртаў, хоча слухаць добрую музыку. Што ім застаецца ў Беларусі — слухаць Аляксандра Саладуху і сясьцёр Грузьдзевых? Ці можа ў Беларусі віраваць нармальнае музычнае жыцьцё?

— Андэграўнд, толькі андэграўнд. І ён будзе часам вынішчацца. Вядома, цяпер не савецкія часы. Ёсьць вялікая магчымасьць запісваць альбомы, праводзіць нейкія падпольныя канцэрты, рэпетаваць і запісвацца. Але ў залежнасьці ад таго, што ты запісаў, па цябе могуць прыйсьці. Таму кажу: поўны андэграўнд. А на паверхні будуць Грузьдзевы, Саладуха, будуць кавэр-бэнды.

У нас ужо даўно нормай лічыцца, што ня грае Стынг, «Motörhead» ці «Rammstein», а грае кавэр-бэнд. Мы ўжо даўно і надоўга заселі ў гэтых расейскіх папсавіках, крымінальных і блатных песьнях. Ужо даўным-даўно.

«Маладыя музыкі пакуль не стварылі нечага адметнага і яскравага»

— Але ці ёсьць нейкая свая таленавітая моладзь? Хто прыйдзе на зьмену вашаму пакаленьню?

— Калі браць рок-музыку, панк-рок, да якога я маю дачыненьне, гэтая зьява сама па сабе ўжо прыпыняецца. Я бачу, што ў Польшчы, Чэхіі, Славаччыне — краінах, у якіх мы гралі — панк-рок ужо не папулярны. Гэта ўжо не канец 1990-х — пачатак 2000-х, калі панк-рок і наагул рок-музыка былі на кані. Ужо іншая атмасфэра.

Рок, панк-рок застануцца клясыкай, яны будуць існаваць, проста ня будзе ўжо такой папулярнасьці, як раней. Кожны стыль мае свой пік разьвіцьця. Мне здаецца, гэта былі 2000-я гады. Можна сказаць «Лявон Вольскі, до відзэня, да пабачэньня! Ты ўжо сваё адыграў», але хто прыйдзе замест яго?

Як там некалі ў Барыса Грабеншчыкова было:

«Я готов уйти, эй, кто здесь

Претендует на мой пьедестал?

Где та молодая шпана,

Что сотрет нас с лица земли?

Её нет, нет, нет...»

Вось і я нічога новага і заўважнага пакуль ня бачу. Магчыма, і ёсьць гэтая моладзь, але мы пра яе нічога ня ведаем. Можа, яны ня могуць прарвацца. Хаця, зь іншага боку, цяпер ёсьць інтэрнэт, і ў іх магчымасьцяў распаўсюду значна больш, чым было ў нас. Узгадваю, як мы з гуртом «Кальян» запісвалі новы альбом на хромавыя касэты. Я і цяпер ня ведаю, як гэта дзейнічае! А зараз паставіў праграмку ў кампутар — і ты ўжо ўсё запісваеш.

Аднак пакуль нічога вельмі яскравага і адметнага маладыя музыкі не стварылі.