Памёр Генадзь Грушавы

Генадзь Грушавы пайшоў з жыцця на 64-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы. Ён быў кіраўніком фонду «Дзецям Чарнобыля».



grushavy.jpg

Генадзя Грушавога згадвае парламенцкі карэспандэнт Радыё Свабоды Уладзімер Глод.

 

Калі б яшчэ Грушавому не перашкаджалі, ён зрабіў бы нашмат болей

Генадзь Грушавы быў дэмакратычным дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 склікання, потым перамог на дадатковых выбарах у парламент 13 склікання.


Але для абсалютнай бальшыні людзей, якія ведалі Генадзя, ён быў найперш чарнобыльскім дзеячам. Менавіта Генадзь Грушавы арганізаваў фонд «Дзецям Чарнобыля».


Ён неаднойчы казаў, што гэтая арганізацыя ствараецца не толькі дзеля таго, каб беларускія дзеці, якія пацярпелі ад чарнобыльскай навалы, маглі падправіць сваё здароўе. Ён марыў і пра тое, што гэтыя дзеці, якія адпачывалі ў Нямеччыне і Швейцарыі, Аўстрыі і Францыі, у іншых цывілізаваных краінах, пабачаць на ўласныя вочы, як там жывуць людзі, і калі вернуцца ў Беларусь, то будуць носьбітамі еўрапейскіх гуманітарных каштоўнасцяў.


Генадзь Грушавы марыў, каб беларускія дзеці перамаглі ў барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі. І сапраўды, дзякуючы менавіта ягоным асабістым намаганням, дзякуючы дзейнасці фонду «Дзецям Чарнобыля» многія дзеці жывуць і сёння. А калі б яшчэ Грушавому не перашкаджалі, а дапамагалі ўлады, то вынікі б маглі быць яшчэ лепшыя.


І сам Генадзь цягам апошніх гадоў змагаўся з анкалогіяй — ракам крыві. Змагаўся да апошняга.


Заўтра ў Мінск з Берліна прылятае ягоная паплечніца і жонка Ірына Грушавая.

Паводле www.svaboda.org

Артыкул Аляксандра Тамковіча пра Генадзя Грушавога, што друкаваўся ў "Новым Часе", глядзі ТУТ