Памёр пісьменнік, перакладчык і журналіст, аўтар «Новага Часу» Яўген Бяласін. Дапоўнена: месца і час развітання
Учора ўвечары пайшоў з жыцця шматгадовы аўтар «Новага Часу», пісьменнік, перакладчык і журналіст Яўген Бяласін.
Увечары 10
сакавіка, у шпіталі, пасля ўскладненняў, выкліканых каранавірусам, на 68-м
годзе жыцця памёр Яўген Бяласін — беларускі германіст, перакладчык, журналіст і
грамадскі дзеяч з Брэста. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў Iгар
Бараноўскі.
Яўген Бяласін у 1990-я гады быў ініцыятарам стварэння і дырэктарам Брэсцкай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру, кіраваў беларускім вечаровым ліцэем пры ім.
З канца 1980-х гадоў Яўген Бяласін быў актывістам адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Брэсце. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў ён узначальваў Брэсцкую гарадскую Раду БНФ.
Артыкулы Яўгена Бялясіна ў «Новым Часе»
Яўген Бяласін скончыў Мінскі інстытут замежных моваў. 20 гадоў, да палітычна матываванага звальнення ў 2001 годзе, адпрацаваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце выкладчыкам германістыкі (нямецкая мова і спадарожныя курсы). А пазней працаваў як перакладчык і журналіст.
Супрацоўнічаў з газетамі "Новы Час", "Брестский курьер" і іншымі незалежнымі СМІ. Вядомы як эсэіст, аўтар соцень публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў.
Перакладаў не толькі з нямецкай, але таксама з англійскай і польскай моваў ды з розных моваў на нямецкую. У суаўтарстве з Лявонам Баршчэўскім Яўген Бяласін падрыхтаваў і выдаў Кароткую граматыку нямецкай мовы.
Самыя важныя з перакладзеных Яўгенам Бяласіным кніг: Петэр Гандкэ, «Шаршні»; Чарльз Дыкенс, «Олівер Твіст»; Себасцьян Хафнер. «Гісторыя аднаго немца. Успаміны 1914 — 1933», Зігмунд Фрэйд, «Дыскамфорт ад культуры», Фрыдрых Шылер, «Выбраная паэзія» (у серыі «Паэты планеты, у суаўтарстве) і інш.
Сярод яго кніг найбольш вядомыя: «На пераломе» (вершы, кароткая проза, пераклады), «Шчупакабра» (рыбацкія гісторыі).
Яўген Бяласін быў сябрам Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Апошні ліст Яўгена ў «Новы Час» прыйшоў 2 сакавіка:
«Вітаю. Раздражненне, ды і толькі. Такі рэцыдыў з прастудай... Разьбіраюся. І Антон у паралюшы (Антон Лашкевіч — псеўданім Бяласіна. Рэд.). Медыцыну нашу не прабіць. Будзе лепшаць, спадзяюся, Але неверагодныя кульбіты, за столькі гадоў суцэльнага здароўя.
Вам яго зычу.
Я.Б»
Рэдакцыя «Новага Часу» смуткуе з-за смерці свайго сталага аўтара. Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Яўгена.
Дапоўнена: Правесці ў апошні шлях спачылага Яўгена БЯЛАСІНА можна будзе ў суботу, 12 сакавіка, у грэка-каталіцкай царкве св. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя (вул. Дворнікава, 63, мікр-н Адамкова-Рэчыца, праезд аўт. № 9, 20, 37, маршрутнае таксі № 20).
12.00 - Адпяванне і развітанне ў царкве.
14.00 - Пахаванне на Паўночных могілках (в. Матыкалы).