Жыхарка Пінскага раёна Святлана Круцікава не вытрымала палітычнага пераследу і скончыла жыццё самагубствам
Некалькі разоў асуджаная па «экстрэмісцкіх» адміністрацыйных артыкулах жыхарка Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць) Святлана Круцікава 10 снежня скончыла жыццё самагубствам. Пра гэта піша «Позірк» са спасылкай на паведамленне праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 6 лістапада ў Пінску адбыўся суд над Круцікавай па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць), піша «Позірк». Вынікі разбіральніцтва невядомыя.
Раней жанчына адбывала некалькі адміністратыўных арыштаў.
Спасылаючыся на меркаванні знаёмых Круцікавай, праваабаронцы паведамляюць, што яна не вытрымала ціску сілавікоў — ператрусаў, праверак, арыштаў.
5 студзеня 2022 года асуджаны па палітычных матывах 43-гадовы жыхар Смаргоні (Гродзенская вобласць) Дзмітры Дудойць, які адбываў пакаранне ў Магілёве, збег падчас візіту ў паліклініку, саскочыў з маста і разбіўся да смерці. Дудайць быў асуджаны на два гады абмежавання волі па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).
У лютым 2023 года наклаў на сябе рукі былы палітвязень 19-гадовы Кірыл Шчаглоў пасля заканчэння тэрміну пакарання. Абставіны трагедыі невядомыя.
3 лютага 2022 года ва ўзросце 18 гадоў Шчаглоў быў прыгавораны судом Кастрычніцкага раёна Гродна да 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ВУАТ) па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта).
Паводле звестак праваабарончай арганізацыі "Прававая ініцыятыва", яшчэ некалькі чалавек, якіх пераследавалі па палітычных матывах, скончылі жыццё самагубствам пасля падзей 2020 года.
18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі выкінуўся з 16-га паверха аднаго са сталічных інтэрнатаў.
Жыхар Ваўкавыска (Гродзенская вобласць), член выбарчай камісіі Канстанцін Шышмакоў, які адмовіўся падпісаць выніковы пратакол, знойдзены павешаным.
Таксама ў выніку павешання пайшлі з жыцця супрацоўнік прадпрыемства “Нафтан” (Наваполацк, Віцебская вобласць), актывіст незалежнага прафсаюза Уладзімір Крысянок і футбольны фанат з Маладзечна (Мінская вобласць) Мікіта Крыўцоў.