303 тысячы долараў на патрыятычнае шоу. У колькі абыдзецца «Дзень народнага адзінства»?
На шоу да Дня народнага адзінства ўлады патрацяць удвая болей, чым на канцэрт да Дня Рэспублікі.
17 верасня ўлады Беларусі адзначаюць новае свята, яго прыдумалі ў 2021 годзе — Дзень народнага адзінства. У гэты дзень Лукашэнка збіраецца абвясціць амністыю. Амерыканскае радыё, абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім», паглядзела, колькі будзе каштаваць святкаванне.
303 тысячы долараў на патрыятычнае шоу-форум
На 17 верасня ўлады плануюць правесці «Патрыятычнае шоу-форум “Гэта наша гісторыя!”» на Мінск-Арэне. Згодна з сайтам дзяржаўных закупак, каштаваць гэта будзе 780 тысяч рублёў, або 303 тысячы долараў.
На Мінск-Арэне паставяць сцэну плошчай 524 квадратныя метры і вышынёй 1 метр. Падчас шоу, згодна з тэхнічным апісаннем, будуць выкарыстоўваць спецэфекты: 6 дымавых гармат, 8 установак па запуску серпанціну, а таксама генератар крыё-эфекту.
Сродкі на свята — бюджэтныя.
Канцэрт да 3 ліпеня абышоўся ўладам больш як удвая танней — 133 900 долараў.
Нацыянальны гістарычны музей да Дня народнага адзінства робіць выставу «Канцлагер Бяроза-Картузская 1934–1939 гады», каштаваць гэта будзе 50 тысяч рублёў, або 19,4 тысячы долараў.
Свята ў рэгіёнах
Суправаджэнне мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства ў Брэсце будзе каштаваць 65 тысяч рублёў, або 25 тысяч долараў.
У Барысаве святочныя мерапрыемствы да Дня народнага адзінства пацягнуць на 30500 рублёў, або 11,8 тысяч долараў.
У Гродне на свята патрацяцца сціпла — 9 тысяч рублёў, або 3500 долараў.
У Мазыры 17 верасня прыпадае на Дзень горада. Там святочныя мерапрыемствы абыдуцца бюджэту ў 10 тысяч рублёў, або амаль 4 тысячы долараў.