«Ачмурэла ад коштаў на касцюмы». Колькі каштуе сабраць дзяцей у школу?
Чыноўнікі ніяк не могуць вызначыцца, колькі каштуе сабраць дзіця ў школу. Днямі ў МАРГ сказалі, што ў Беларусі цалкам сабраць дзіця ў школу каштуе ад 100 да 900 BYN. Разбежка ўражвае. Даведаліся ў бацькоў аб іх тратах.
Тыдзень таму начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Наталля Мельнікава паведаміла, што арыенціровачны кошт камплектаў адзення дзелавога стылю і абутку складае ад 98 BYN, а кошт аптымальнага набору школьніка — да 300 BYN.
Паводле яе інфармацыі, у параўнанні з мінулым годам кошт школьнай формы вырас прыкладна на 10%.
Але праз тыдзень «паказанні» змяніліся. У эфіры тэлеканала СТБ міністр таго ж самага МАРГ Аляксей Багданаў распавёў, што ў Беларусі цалкам сабраць дзіця ў школу каштуе ад 100 да 900 BYN. Разбежка, вядома, уражвае. Больш за тое, Багданаў заявіў, што кошты ў параўнанні з мінулым годам яшчэ і ўпалі: «Па выніках мінулага года мы адзначаем зніжэнне коштаў на школьнае адзенне і прылады ад 3 да 7% у залежнасці ад таго, якая прадукцыя для дзяўчынак, а якая для хлопчыкаў».
Відаць, чыноўнік не паслухаў інтэрв'ю сваёй калегі, якая казала якраз пра падаражэнне школьнай формы.
Дык колькі насамрэч каштуе сабраць дзіця ў школу? На гэтую тэму BGmedia пагаварылі з бацькамі дзяцей розных класаў. У мэтах бяспекі змянілі імёны герояў.
Таццяна прызналася, што знаходзіцца яшчэ ў працэсе збору сваіх дзяцей у школу. У яе дзве дзяўчынкі, якія пойдуць у другі і пяты класы. Жанчына плануе ўкласціся ў 500 BYN на кожную.
«Мая калега сабрала сваю дачку-чацвёртакласніцу прыкладна за 920 BYN. У гэты кошт увайшлі двое штаноў, спадніца, два кардзіганы, чатыры блузкі, туфлі, спартыўны касцюм з красоўкамі, партфель, сшыткі і іншыя канцылярскія прыналежнасці. Здаецца, што шмат усяго, але ў працэсе вучобы заўсёды даводзіцца нешта дакупляць. Я б хацела ўкласціся ў 500 BYN на кожную, але там ужо як атрымаецца. Усё ж такі гэта і так выходзіць 1000 BYN на дваіх. Я столькі не зарабляю», — падзялілася сваім меркаваннем мама.
А, напрыклад, Марыя напярэдадні гэтага навучальнага года скарысталася паслугамі баераў і замовіла адзенне для свайго сына ў суседняй Польшчы. Так выйшла больш выгадна, прызналася мама чацвёртакласніка.
«На гэты навучальны год замовіла з польскай "Зары" тры кашулі, двое штаноў, камізэльку. Па грошах гэта выйшла ў раёне 300 злотых. Плюс купіла абутак: на туфлі сышло блізу 200 злотых, на красоўкі дзесьці 150 злотых. Плюс пенал — 20 злотых. Выходзіць за ўсё аддала прыкладна 670-700 злотых. У Беларусі дакупляла ўжо сшыткі (але пакуль не ўсе) і аддала ў раёне 50 BYN», — пералічыла пакупкі Марыя.
У эквіваленце на беларускія рублі атрымалася, што наша гераіня выдаткавала на падрыхтоўку да школы каля 480 BYN. Гэта з улікам, што большасць рэчаў засталося яшчэ з трэцяга класа. На пытанне, чаму яна не купляе рэчы ў беларускіх крамах, мама прызналася, што ёй не падабаецца якасць і фасоны.
«Быў у мяне сумны досвед. Два разы памыла — і ўсе швы на вырабе наперакасяк. З тых часоў стараюся не купляць, па сутнасці, аднаразовыя рэчы», — падзялілася сваім меркаваннем Марыя.
Аляксандра — мама хлопчыка і дзяўчынкі — адзначыла, што ў яе на зборы дзяцей у школу сыходзіць мінімум 800 BYN.
«Мой сын пойдзе ў дзявяты клас. Патрэбная школьная форма і камізэлька, якую ўвялі ў гэтым годзе. Плюс школьныя прыналежнасці, — пералічвае Аляксандра. — У капеечку ўлятаюць друкаваныя сшыткі па прадметах. Можна адразу рыхтаваць 100 BYN на дваіх».
З нагоды сшыткаў згодная з ёй і Анастасія. Мама падлеткаў, якія пойдуць у восьмы і дзясяты класы, сказала, што яе мінімальныя выдаткі на адно дзіця складаюць блізу 430-450 BYN. І гэта, па яе прызнанні, яны яшчэ «не апрануліся цалкам».
«Прадметныя сшыткі смела цягнуць на 60 BYN. Сюды можна плюсаваць 50 BYN на канцылярскія тавары. Заплечнік я замовіла на Wildberries за 60 BYN. А так ён каштуе больш 100. Зноў жа, гледзячы якая якасць», — кажа Анастасія.
Да гэтага трэба дадаць кашулю, штаны, камізэльку, абутак ужо далёка не дзіцячага 45 памеру, бялізну, майкі і спартыўную форму. Па падліках нашай гераіні, за ўсё вышэйпералічанае яна аддала каля 320 BYN.
«Схадзіла ў Waikiki, ах***ла ад коштаў на касцюмы, — прызналася Анастасія. — Пайшла ў сэканд-хэнды і знайшла пару кашуль на змену. Многія круцяцца, як могуць. Шукаюць зніжкі. Я многія канцылярскія тавары тыпу ручак і алоўкаў купляла ў фікспрайсе. Каб не так кідаліся сумы ў вочы, стараюся расцягваць пакупкі на некалькі месяцаў».
Мяркуючы са слоў нашых гераінь і цэннікаў у тых жа беларускіх крамах, сабраць дзіця ў школу за 300 BYN — місія амаль невыканальная. Па ўсёй верагоднасці, таму чыноўнікі і вырашылі «павялічыць» суму да 900 BYN. Цалкам дакладна можна сказаць, што зборы дзіцяці ў школу ўлятаюць у круглую суму.