Ад сёння кліенты «БСБ Банка» могуць напісаць заяву на вяртанне сродкаў

З 17 ліпеня «Банк Масква-Мінск», вызначаны банкам-павераным, які вяртае дэпазіты кліентам «БСБ Банка», пачынае прымаць заявы на вяртанне сродкаў. Людзі могуць звяртацца ў аддзяленні БММ у Мінску і Маладзечне.

obmenniki_20_12_14_2_.jpg


Падрабязная інфармацыя пра гэта змяшчаецца на сайце Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх унёскаў.

Укладчыкам неабходна прыйсці ў «Банк Масква-Мінск» з пашпартам. Пасля праверкі асабістых дадзеных і абавязальніцтваў «БСБ Банка» перад кліентамі пішацца заява. Сродкі ўкладчыку павінны вярнуць на працягу 30 дзён.

У спрэчных сітуацыях (напрыклад, змена пашпартных дадзеных) грамадзянаў будзе прымаць Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх унёскаў.

Кліенты «БСБ Банка» могуць прыйсці за сваімі ўнёскамі на працягу двух гадоў.

Нагадаем, з 26 чэрвеня Нацбанк адклікаў ліцэнзію ЗАТ «БСБ Банк» на працу з фізічнымі асобамі. Гэтае рашэнне прынятае пасля праверкі, якая выявіла парушэнні ў працы банка. Кліентам «БСБ Банка» была прадастаўленая магчымасць перайсці на абслугоўванне ў «Беларускі народны банк». Сам жа «БСБ Банк» лічыць рашэнне Нацбанка залішне жорсткім і не пакідае надзеі вярнуць ліцэнзію на працу з фізасобамі пасля выпраўлення парушэнняў.


Еўрарадыё