Акумулятарны завод абскардзіў рашэнне аб вяртанні 5,7 мільёна рублёў Брэсцкаму аблвыканкаму

5 лютага эканамічны суд Брэсцкай вобласці задаволіў пазоў Брэсцкага аблвыканкама і пастанавіў спагнаць з акумулятарнага завода «АйПауэр» больш за 5,7 мільёна рублёў у інавацыйны фонд. 

1200zavod_akb_290519_pavlov_bg_1.jpg

Акрамя таго, па рашэнні суда «АйПауэр» павінен заплаціць больш за 57 тысяч рублёў дзяржпошліны. У задавальненні сустрэчнага пазову кампаніі было адмоўлена.
На абскарджанне ў кампаніі было не больш за 15 рабочых дзён. Каб даведацца, ці скарыстаўся «АйПауэр» гэтым правам, у канцы лютага «БГ» адправіла афіцыйны запыт у эканамічны суд. 2 сакавіка журналісты атрымалі адказ за подпісам старшыні суда Сяргея Кулака, у якім гаворыцца, што 28 лютага ад кампаніі паступіла апеляцыйная скарга.
«Пытанне прыняцця апеляцыйнай скаргі да вытворчасці (альбо вяртання) будзе вырашана эканамічным судом Брэсцкай вобласці не пазней за пяць рабочых дзён з дня яе паступлення ў суд», — гаворыцца ў адказе.
Напрыканцы лютага «АйПауэр» перадаў адкарэктаваную праектную дакументацыю акумулятарнага завода для праходжання дзяржаўнай экалагічнай экспертызы ў ДУА «Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды».
Грамадская экалагічная экспертыза (ГЭЭ) праекта, якую даручыў правесці Аляксандр Лукашэнка, так і не адбылася.
Як ужо паведамлялася, пасля атрымання станоўчага экалагічнага заключэння кампанія мае намер працягнуць працэс уводу аб'екта будаўніцтва ў эксплуатацыю ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. Яго запуск першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы 2018 года. У 2019 годзе тэрміны таксама не раз падаўжаліся.
Адначасова з будоўляй у Брэсцкім рэгіёне пачалася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ гэтага прадпрыемства. На працягу ўсяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі пастаянна заяўляюць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода запэўнівалі, што парушэнняў няма, да нядаўніх часоў пра гэта казалі і чыноўнікі.
14 чэрвеня 2019 года старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва акумулятарнага завода да ліквідацыі выяўленых парушэнняў. 
Пачынаючы з 4 сакавіка 2018 года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна ў Брэсце пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць завода. За гэта многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.

b-g.by