Беларусь будзе экспартаваць нафту праз усе расійскія парты — у тым ліку марскія
Расія і Беларусь пашыраць дзеянне пагаднення аб перавозцы і перавалцы нафтапрадуктаў у расійскіх партах на ўсе марскія парты РФ. Такое рашэнне прыняў урад Расіі 9 чэрвеня 2022 года.
Адпаведны дакумент апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ.
Раней пагадненне прадугледжвала магчымасць перавозкі беларускіх нафтапрадуктаў чыгуначным транспартам і іх перавалку ў марскіх партах Паўночна-Заходняга рэгіёна РФ. Цяпер згадка рэгіёна будзе выключана і дзеянне пагаднення распаўсюдзіцца на іншыя расійскія парты.
Беларускі ўрад яшчэ 8 чэрвеня ўхваліў праект Пратакола аб унясенні змен.
Нагадаем, пагадненне было падпісана ў лютым 2021 года. У адпаведнасці з пагадненнем, у 2021-2023 гадах плануецца пераваліць 9,836 млн т нафтапрадуктаў, уключаючы мазут, газойль, бензін і масла. Кошт перавалкі тоны мазуту і масел складае 13,5 долараў за тону, газойлю — 15,46 долара за тону, бензіну — 9,5 або 10,5 долараў за тону ў залежнасці ад маршруту.
Дакументам таксама вызначаны кошт паслуг кампаній-аператараў па прадастаўленні рухомага саставу, чыгуначныя тарыфы на перавозку па тэрыторыі Беларусі і Расіі. У выніку сумарны кошт перавозкі і перавалкі тоны мазуту складае 31,3 долара за тону, газойлю — 30 і 35 долараў за тону ў залежнасці ад маршруту, бензіну — 28,9 і 29,2 долара за тону, а масел — 27,2 долара за тону.
У адпаведнасці з дакументам, беларускі бок таксама згаджаецца на прынцып «бяры або плаці» — гэта значыць, калі айчыннае прадпрыемства адгружае аб'ёмы ніжэй за ўзгодненыя, яно ўсё роўна абавязана аплаціць усе ўзгодненыя аб'ёмы перавалкі.
Паводле reform.by.