Беларускія банкі ўводзяць абмежаванні на выдачу грошай з рахункаў
Банк «БелВЭБ», які трапіў пад санкцыі ЗША, і «Прыёрбанк», які пад санкцыі не трапляў, уводзяць абмежаванні на выдачу наяўных грошай з бягучых рахункаў.
Для зняцця больш за 100 долараў, 100 еўра або 10 тысяч расійскіх рублёў з бягучага рахунку ў банку «БелВЭБ» (акрамя аперацый з выкарыстаннем дэбетавых карт), кліенты павінны пакінуць у банку заяўку або звязацца з кол-цэнтрам. Заяўка апрацоўваецца напрацягу 14 банкаўскіх дзён, паведамляе REFORM.by са спасылкай на прэс-службу банка.
У месяц можна зняць сумарна не больш за 20 тысяч долараў, 5 тысяч еўра або 500 тысяч расійскіх рублёў. Банк можа адмовіць кліенту ў выдачы наяўных, калі не зможа набыць дастатковую колькасць валюты.
Змяніў парадак замовы наяўнай валюты і «Прыёрбанк». Цяпер атрымаць свае грошы з рахунку можна на 14-ы дзень пасля афармлення замовы, паведамляе прэс-служба банка.
Папярэдне заказваць выдачу сваіх грошай трэба ў тым выпадку, калі кліент спрабуе зняць больш за 1000 беларускіх рублёў або замежную валюту ў эквіваленце больш за 10 (!) долараў.
Замовы прымаюцца таксама адзін раз у 14 банкаўскіх дзён па буднях. За адзін раз можна максімальна зняць не больш 3000 долараў.
Каб замовіць свае грошы, кліент павінен звязацца з банкам праз кантакт-цэнтр, ці персанальнага менеджара, ці праз чат у асабістым кабінеце або прыйсці ў аддзяленне асабіста.
Раней пра ліміты на зняцце замежнай валюты з картак паведаміў «Белаграпрамбанк». З 14 сакавіка можна зняць не больш за $100 за месяц. З рублёвых картак большую суму не атрымаецца ні зняць, ні перавесці, ні заплаціць у інтэрнэт-крамах.