Беларускія кампаніі пастаўлялі данбаскі вугаль ва Украіну. Заведзена крымінальная справа
Служба бяспекі Украіны ў Чарнігаўскай вобласці расследуе справу аб фінансаванні незаконных узброеных фармаванняў на акупаванай тэрыторыі Данбасу праз незаконныя схемы паставак вугалю з непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі праз кампаніі Беларусі, Расеі, Польшчы, Чэхіі і Швейцарыі, піша svaboda.org.
![ugolnaya_otrasl_dnr_stala_pribyilnoy_e1515497380184_960x540_960x540.jpg ugolnaya_otrasl_dnr_stala_pribyilnoy_e1515497380184_960x540_960x540.jpg](/img/v1/images/ugolnaya_otrasl_dnr_stala_pribyilnoy_e1515497380184_960x540_960x540.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле матэрыялаў справы, сёлета з 1 студзеня па 9 кастрычніка Чарнігаўская мытня аформіла 269 дэкларацыяў аб увозе данбаскага вугалю з тэрыторыі Беларусі.
Атрымальнікам грузаў была зарэгістраваная ў Кіеве кампанія «Фірма „Технова“», а адпраўнікамі — тры беларускія кампаніі ТАА «Транс-Вугаль», «ТЕРРА» (ужо перайменаваная ў «Новабітінвест» і таксама фігуруе ў матэрыялах справы) і «Экойл Кэмікл», дзве швейцарскія — Evenor Energy SA ды Fontus AG, польская Scan Int Logistic Sp. z o.o. і чэская Effective Strategy s.r.o. Вугаль, увезены гэтымі кампаніямі, выкарыстоўваўся на Чарнігаўскай ТЭЦ.
«Фірму „Технова“», якая кантралюе чатыры найбольшыя вугальныя ЦЭЦ ва Украіне (Сумскую, Чарнігаўскую, Чаркаскую і Дарніцкую ў Кіеве), ачольвае Аляксей Шчарбіна. Яго звязаваюць з атачэннем папярэдняга прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.
Гэта другая крымінальная справа паводле фактаў пастаўкі вугалю з Данбасу ва Украіне беларускімі, расейскімі і еўрапейскімі кампаніямі. Першая адкрытая сёлета ў траўні ў дачыненні да фактычных уладальнікаў і службовых асобаў кіеўскай ТАА «Мегапром».
Аб беларускім экспарце каменнага вугалю ва Украіну стала вядома напачатку 2019 году, калі Белстат абнародаваў статыстыку замежнага гандлю за 2018 год. Ва ўкраінскай статыстыцы адпаведных звестак не было.
Як высветлілася ў часе расследавання Свабоды, антрацыт з Данбасу пастаўляўся праз Беларусь не толькі ва Украіну, а і ў краіны Еўразвязу.