«Белавія» з 1 верасня пераходзіць на расійскую сістэму браніравання
З вечара 1 верасня сайт «Белавія» пачне пераход на расійскую сістэму браніравання квіткоў «Леанарда». А пакуль да 2 верасня прыпынена папярэдняе афармленне дадатковых паслуг — выбар месца, дадатковы багаж, перавозка жывёл.

Беларускі авіяперавозчык стане ў адзін шэраг з дзясяткамі расійскіх кампаній, якія з мінулага года перайшлі на мясцовую сістэму браніравання, хоць да гэтага карысталіся еўрапейскімі і амерыканскімі аналагамі.
Прэс-служба авіякампаніі «Белавія» апавясціла пра тое, што 1 верасня з 20:00 будзе праводзіць тэхнічныя працы для пераходу на расійскую сістэму браніравання квіткоў «Леанарда».
З пазначанага часу знікне магчымасць браніраваць, набываць, абменьваць квіткі, а таксама ажыццяўляць іх вяртанне як у офісах перавозчыка, так і ў агентаў, на сайце і ў мабільным дадатку. Браніраванні, якія кліенты не паспеюць аплаціць да паказанага тэрміну, будуць ануляваныя.
«Белавія» папярэджвае: «Калі вы маеце забраніраваныя, але неаплачаныя перавозкі, у тым ліку замову на сайце, аформленую па сістэме “Разлік”, альбо вы плануеце падарожжа ў бліжэйшыя дні, калі ласка, здзейсніце аплату і афармленне авіябілетаў да 20:00 1 верасня 2023 года. Браніраванні, не аплачаныя да названага тэрміну, будуць ануляваныя».
Пры гэтым усе сэрвісы кампаніі зноў павінны пачаць працаваць ужо 2 верасня.
Глядзіце таксама

Сістэма браніравання білетаў «Леанарда» была распрацаваная ў Расіі ў 2022 годзе для замены замежных (еўрапейскіх і амерыканскіх) аналагаў, якімі карысталіся мясцовыя перавозчыкі. Да пачатку жніўня 2023 года на яе перайшлі больш за 60 расійскіх авіякампаній. Укараненне сістэмы таксама пачала венесуэльская авіякампанія Conviasa.
Акрамя таго, «Белавія» паведаміла аб тым, што ў гэты момант прыпынена папярэдняе афармленне дадатковых паслуг, у тым ліку выбар месца, дадатковы багаж, правоз спартыўнай амуніцыі, музычных інструментаў, перавозка несуправаджаных дзяцей, перавозка жывёл і інш.). Аднак тыя з іх, якія пасажыры раней ужо паспелі аплаціць, усё ж такі будуць прадастаўлены.
Глядзіце таксама

Паводле belavia.by, myfin.by