Без дзяржпадтрымкі не выжыве палова сельскагаспадарчых прадпрыемстваў

Чыноўнікі падвялі фінансавыя вынікі работы аграрнай галіны. Падстаў для радасці даволі мала. У студзені 2021 года вытворчасць сельгаспрадукцыі вырасла ўсяго на 0,2%.

sp_160420.jpg


Проста параўнайце: летась рост за студзень складаў 4,5%. У рэгіянальным разрэзе найлепшыя паказчыкі прадэманстравалі аграрнікі з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Па Брэстчыне выпуск аграрнай прадукцыі павялічыўся на 3%, па Гродзеншчыне — на 4,2%. Фактычна гэтыя дзве вобласці і выцягнулі ўверх агульны індыкатар па краіне, паведамляюць banki24.by.

У «чырвонай зоне» аказаліся сельгаспрадпрыемствы з Гомельскай і Мінскай абласцей. Па Гомельшчыне вытворчасць абвалілася на 7,1%, па Міншчыне ўпала на 1,4%. Пры гэтым у Гомельскай вобласці спад фіксуецца ўжо трэці год запар: у пачатку 2020-га было мінус 2,6%, у пачатку 2019-га — мінус 7,7%.

Інфармацыя пра стан фінансаў і разлікаў ідзе з месячнай затрымкай адносна даных пра вытворчасць. На сёння даступныя звесткі пра становішча спраў на флагманах галіны за поўны 2020 год. Статыстыка аб рэнтабельнасці, прыбытку і стратах для сельскай гаспадаркі публікуецца ў двух разрэзах — з улікам дзяржпадтрымкі і без яе. Паколькі памеры дзяржпадтрымкі вялікія, гэтыя велічыні сур'ёзна адрозніваюцца адна ад адной.

Напрыклад, у 2020 годзе рэнтабельнасць сельскай гаспадаркі ў выніку з дзяржпадтрымкай склала 6,1%, а без яе — усяго 1,4%. Да зняцця эфекту дзяржпадтрымкі доля стратных прадпрыемстваў дасягнула 7,1%, а пасля зняцця — 49,9%. Адпаведна, сума страт стратных аграрыяў з улікам дзяржпадтрымкі склала 242,6 млн. BYN, а без яе — 532,3 млн. BYN.

Для сельскай гаспадаркі характэрны высокі памер сумарных даўгоў на фоне дэбіторкі. Розніца паміж гэтымі сумамі на 1 студзеня 2021 года дасягнула 8,8 раза. На гэтую дату сумарныя пазыкі ў галіне склалі 14,9 млрд. BYN, а дэбіторка — толькі 1,699 млрд. BYN. Пры такой малой дэбіторцы, калі аграрыі збяруць грошы з усіх дэбітораў, іх будзе загадзя мала, каб вярнуць нават 12% абавязацельстваў перад крэдыторамі — іншымі прадпрыемствамі, бюджэтам і банкамі.

Таксама ў сельскай гаспадарцы Беларусі даволі нізкая якасць доўгу. Нягледзячы на перыядычныя спісанні, растэрміноўкі і адтэрміноўкі абавязацельстваў, удзельная вага праблемных даўгоў у аграрыяў склала 18,9% супраць 6,4% у сярэднім па рэальным сектары.

Горшая сітуацыя назіралася толькі на водным транспарце. Аднак у воднікаў сам памер пратэрмінаванай запазычанасці маргінальны — 7,6 млн. BYN супраць 2,822 млрд. BYN у сельскай гаспадарцы.