Беларускі аграпром страціў $360 мільёнаў праз крызіс у Расіі

Праз дэвальвацыю расійскага рубля беларускі аграпром страціў у мінулым годзе больш за 360 млн долараў.



svinyja_halovy.jpg

У мінулым годзе Беларусь экспартавала мясапрадуктаў на 1,1 млрд долараў, паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
У параўнанні з 2013 годам экспарт мясапрадуктаў у грашовым выразе знізіўся на 19,4%. Прынамсі, пастаўкі свініны ўпалі на 55,9%, да 57 млн долараў; гатовых і кансерваваных вырабаў з мяса — на 40,5%, да 77 млн долараў; каўбасных вырабаў — на 32,3%, да 177 млн долараў; ялавічыны — на 15,6%, да 531 млн долараў.
Асноўнай прычынай зніжэння вартаснага аб'ёму экспарту стала дэвальвацыя расійскага рубля. Праз яе арганізацыі Мінсельгасхарча, паводле звестак міністэрства, за мінулы год страцілі больш за 360 млн долараў.
Акрамя таго, больш за 100 млн долараў экспарцёры сельгаспрадукцыі страцілі праз санкцыі Рассельгаснагляду. З восені мінулага года расійскае міністэрства забараніла пастаўкі больш як дваццаці беларускіх мяса-малочных прадпрыемстваў праз выяўленне ў іх прадукцыі шкодных мікраарганізмаў, антыбіётыкаў і геному віруса АЧС. Цяпер большасць закрытых для расійскага рынка прадпрыемстваў ужо аднавілі пастаўкі прадуктаў харчавання ў РФ.
У той жа час пастаўкі малочных прадуктаў у грашовым вымярэнні выраслі на 1% да 2,3 млрд долараў. Прынамсі, пастаўкі сыроў і тварагу павялічыліся на 23,2%, да 800 млн долараў; смятаны — на 18,1%, да 71 млн долараў; кефіру — на 17,7%, да 25 млн долараў.
БелаПАН