Больш за траціну даходаў бюджэту Мінска забяспечылі суб'екты малога і сярэдняга бізнесу
За студзень—лістапад 2016 года ад плацельшчыкаў горада Мінска ў кансалідаваны бюджэт Беларусі паступіла 9,1 млрд рублёў. Асноўная частка даходаў бюджэту сталіцы (96,3%) сфарміраваная за кошт плацяжоў, выплачаных у добраахвотным парадку, паведамляе прэс-цэнтр Міністэрства па падатках і зборах.
На 43% бюджэт горада Мінска сфарміраваны паступленнямі падатку на дададзены кошт. Значныя аб'ёмы плацяжоў па падаходным падатку (14%), падатку на прыбытак (11,3%), акцызах (6,6%), зямельным падатку (2,8%), падатку на нерухомасць (2,1%), падатку на даходы (2,0%), падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання (1,7%).
Фарміраванне бюджэтнай часткі забяспечылі каля 347 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку 59 тыс. арганізацый, 72 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і 216 тыс. фізічных асоб.
На 1 снежня 66% паступленняў, або 5,9 млрд рублёў, забяспечылі 56.700 арганізацый недзяржаўнага сектара.
На пачатак снежня ў Мінску было зарэгістравана больш за 116 тысяч суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. У параўнанні з мінулым годам колькасць суб'ектаў павялічылася на 0,1%, або 116 плацельшчыкаў.
Ад гэтага кола ў бюджэт горада паступіла 3,2 млрд рублёў, або 35,1% кансалідаваных паступленняў сталіцы.
Паводле звестак МПЗ, буйнымі арганізацыямі Мінска ў бюджэт выплачана 2,8 млрд рублёў, або 30% кансалідаваных даходаў горада.
У рэйтынгу найбуйнейшых плацельшчыкаў сталіцы — ААТ "Газпром трансгаз Беларусь", ЗТАА "Лукойл Беларусь", ТАА "Тытунь-інвест", РУП "Мінскэнерга", ЗАТ "Мінскі завод вінаградных він", ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія", ЗТАА "Газпромнефць-Белнафтапрадукт", унітарнае прадпрыемства "Велком", СТАА "Мабільныя ТэлеСістэмы", ААТ "Мінск Крышталь" — кіруючая кампанія холдынга "Мінск Крышталь Груп".
Аляксей Арэшка, БелаПАН