Ці можна ашчадзіць на сельскагаспадарчых кірмашах?
Бульба па 25 капеек за кіло, моркаўка — не даражэй за 60 капеек.
Падобныя кошты на сельскагаспадарчых кірмашах Менску дазволілі прадаць
больш як 900 тонаў гародніны, фруктаў і дзясяткі тонаў мяса і рыбы. Учора каля «Чыжоўка-Арэны» ізноў былі натоўпы менчукоў. Усе ў пошуках
таннейшых харчоў.
![03_jarmarka.jpg 03_jarmarka.jpg](/img/v1/userfiles/images/03_jarmarka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Я кату бяру малако набываю, дык сама ўжо яго не пʼю. Ці можна, каб такія кошты на малако былі? На кефір, на смятану, на ўсё! Гэта нейкі жах. Куды нас вядуць!» – абураецца жанчына.
Іншая заўважае:
«Можна і вельмі нават можна ашчадзіць, асабліва калі вы пенсіянеры – нам гэта вельмі вялікая эканомія».
А мужчына памаладзей каментуе кошты:
«Тут у любым выпадку танней. Мы глядзелі на рынку — там бульба 4000-4500 (у недэнамінаваных рублях), а тут – 2 500. То бок ужо розніца ёсць». На такіх кірмашах усталёўваюць мінімальныя гандлёвыя надбаўкі — часам гародніна нават у два разы таней за сярэднія кошты ў крамах. Паўмільёна ж долараў за выходныя — толькі гучыць моцна — кажа эканаміст.
«Паўмільёна долараў для Менску — гэта кропля ў моры. Але кірмаш — гэта шматгадовая традыцыя. Да таго ж у адрозненне ад летніх кірмашоў, на восеньскія, дзе гандлююць садавіной і гароднінай — сапраўды можна набыць нешта таней, а гэта пад час крызісу мае вялікі сэнс для менчукоў», — мяркуе эканаміст, намеснік старшыні АГП Леў Марголін.
І паўмільёна — гэта яшчэ не мяжа. Улічваючы няспынны спад сярэдняга заробку — прыкладна на 4 % за жнівень у параўнанні з леташнім перыядам, кірмашы могуць не хвалявацца за нястачу кліентаў. Бо эканамічныя перспектывы не надта аптымістычныя, мяркуе адмысловец.
«І па прыбытках і па заробках нічога добрага чакаць не даводзіцца, а без рэформаў можна спадзявацца толькі на цуд. Бо нават калі цуд адбудзецца не ў нас, а ў Расеі — гэта яшчэ не азначае, што ў нас нешта палепшыцца. Ніякага пазітыву я не чакаю», — адзначае Леў Марголін.
З пазітыўнага тут хіба толькі тое, што падобныя кірмашы і ў сталіцы, і ў іншых гарадах працягнуцца ажно да апошніх выходных кастрычніка.
Усевалад Шлыкаў, belsat.eu