Ці рвануць уверх кошты?

Эканаміст Барыс Жаліба каментуе "Радыё Рацыя" ўрадавую пастанову, якая адмяняе забарону на рост рознічных коштаў на тавары.



1927f990_9962_450a_87b0_458b7f503b3a_mw1024_s_n.jpg

Барыс Жаліба. Фота: www.svaboda.org

Раней нельга было павышаць кошты ў параўнанні з тымі, якія дзейнічалі на 18 снежня 2014 года. Пастанова Савета міністраў №250 ад 31 сакавіка дазваляе прадаўцам падымаць кошты, паведамляе БЕЛТА.

Дакумент набыў моц з дня прыняцця — 31 сакавіка, але абнародаваны быў толькі 4 красавіка.

Барыс Жаліба: Калі зыходзіць з таго, што нам неабходна рухацца да рыначнай эканомікі, гэтую меру ўрада можна назваць абсалютна адэкватнай.

РР: Ці моцна вырастуць кошты пасля таго, як іх адпусцілі ў свабоднае плаванне?

Барыс Жаліба: Не думаю, што моцна. Заробкі не растуць, пакупальніцкі і ўнутарны попыт не павялічваюцца. На рынках і па гэтых коштах ніхто нічога не купляе, а што будзе, калі іх яшчэ павялічыць? Хоць урад, паўтаруся, зрабіў правільны крок.

РР: Як зараз будуць фарміравацца кошты?

Барыс Жаліба: Будуць прывязвацца да выдаткаў вытворцаў, як і павінна быць па правілах эканомікі. Натуральна, інфляцыя будзе даваць аб сабе ведаць, выдаткі будуць расці. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што ў Беларусі, на жаль, эканоміка не была поўнасцю рыначнай. І калі ва ўсім свеце, калі падае кошт на нафту, таннее паліва, то ў нас гэты фактар практычна не дзейнічае. У нас кошты на бензін, салярку ў большай ступені вызначаюць дзяржаўныя акцызы. І так не толькі ў гэтай сферы. Таму кошты на тавары і паслугі будуць расці толькі ўверх.

РР: Ці змогуць улады ў бліжэйшы час справіцца з інфляцый?

Барыс Жаліба: Могуць дабіцца пэўнага выніку, калі не будуць штучна павышаць заробкі і накачваць эканоміку пустымі грашыма. Гэта вельмі небяспечны шлях. Зараз ёсць пэўная стабілізацыя на валютным рынку, але, думаю, будуць чуваць галасы лабістаў, каб зрабіць больш таннымі крэдыты и павысіць заробкі… Калі ўлада паддасца гэтай спакусе, праблемы распачнуцца па старому кругу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя