У Беларусі адменена забарона на рост рознічных цэн
У Беларусі адменена забарона на рост рознічных цэн на тавары ў параўнанні з іх узроўнем на 18 снежня 2014 года. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Саўміна № 250, якая 4 красавіка апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Гэтым дакументам унесены змены ў пастанову № 1207 ад 19 снежня 2014 года "Аб некаторых пытаннях спажывецкага рынку".
У адпаведнасці з пастановай № 250 ад 31 сакавіка, якая набыла моц з дня яе прыняцця, міністэрствы гандлю, сувязі і інфарматызацыі, "Белкаапсаюз", аблвыканкамы і Мінгарвыканкам павінны
забяспечыць наяўнасць шырокага асартыменту спажывецкіх тавараў на гандлёвых аб'ектах, уключаючы інтэрнэт-магазіны.
Адказнасць за насычэнне спажывецкага рынку нехарчовымі таварамі айчыннай вытворчасці ўскладзена на намеснікаў прэм'ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна і Уладзіміра Сямашку ў адпаведнасці з
размеркаваннем абавязкаў, харчовымі таварамі айчыннай вытворчасці — на віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага, за стабільнасць цэн і забеспячэнне шырокага асартыменту тавараў у рознічнай
гандлёвай сетцы — на першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага.
Нагадаем, у снежні 2014 года на фоне росту курсу долара ў краіне ўрад прыняў пастанову № 1207, якая ўстанавіла фактычную забарону на павышэнне цэн на спажывецкім рынку.
Пра тое, што ў Беларусі прадугледжваецца паэтапная лібералізацыя цэн і ў хуткім часе яны будуць адпушчаны, заявіла падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі 16 сакавіка намеснік
міністра гандлю Ірына Наркевіч.
"Так, паэтапная лібералізацыя плануецца, хутка будзе поўны водпуск", — заявіла чыноўніца, адказваючы на пытанне, ці будзе адменены мараторый на павышэнне цэн і ці магчыма
прадпрымальнікам у будучыні фарміраваць цану з улікам усіх выдаткаў.
"Гэтая тэма шырока абмяркоўвалася пачынаючы са снежня, калі быў паэтапны пераход: спачатку — мараторый на цэны, потым дазволілі ўзняць іх на пэўны працэнт і гэтак далей. Рухаліся
паэтапна. Урад прыняў гэтыя меры, каб не было рэзкага скачка для спажыўца. Было пэўнае ўказанне прэзідэнта, які быў занепакоены сітуацыяй", — адзначыла намеснік міністра.
Паводле яе слоў, у Беларусі "падыходы ў законе цэнаўтварэння такія, што цана фарміруецца свабодна, але яна павінна быць абгрунтаваная". "Абгрунтаваныя затраты павінны ў яе
ўключацца. Будуць кантралявацца толькі цэны на сацыяльна значныя тавары, работы і паслугі па пераліку, які вызначаецца Саветам міністраў", — сказала Наркевіч.
Варта зазначыць, што раней бізнес-саюзы неаднаразова звярталіся ва ўрад і настойвалі на адмене пастановы № 1207. Неабходнасць адмены цэнавага кантролю яны тлумачылі негатыўным уплывам гэтага рашэння
на прадпрыемствы.
На думку бізнес-супольнасці, цэнавы кантроль прыводзіць да стратнай дзейнасці многіх прадпрыемстваў, што ў наступным можа справакаваць "лавінападобны рост неплацяжоў", скарачэнне
вытворчасці і зніжэнне заработных плат.
Аляксей Арэшка, БелаПАН