«Цуд хутка і вельмі нечакана можа скончыцца»

Рост прамысловай вытворчасці застаецца драйверам эканомікі, але ён запавольваецца. Зніжэнне тэмпаў росту прамысловай вытворчасці з сярэдзіны года ўжо дэманструе абмежаваныя магчымасці штучнага росту эканомікі. А натуральнага росту не прадбачыцца.

_belarus_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__logo.jpg

Паводле звестак Белстата, у студзені-верасні 2023 года аб'ём прамысловай вытворчасці па ключавых відах эканамічнай дзейнасці ў прамысловасці ў бягучых цэнах склаў 136,1 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах 108,1% да ўзроўню студзеня-верасня 2022 года. Асобна за верасень 2023 года рост склаў 9,7% да верасня 2022 года, адзначае тэлеграм-канал «Вашы грошы».

Павелічэнне прамысловай вытворчасці ў бягучым годзе з'яўляецца асновай аднаўленчага росту беларускай эканомікі пасля правальнага 2022 года. На піку ў ліпені мінулага года спад дасягаў 12,2% прамысловай вытворчасці. З лютага 2023 рост вярнуўся ў зону станоўчых значэнняў, і ў траўні дасягнуў максімуму ў 15,5% да вынікаў траўня 2022 года.

Адбываецца гэта ў большай ступені дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню і расійскім крэдытам. І ў першым, і ў другім выпадках крыніцы з'яўляюцца сітуацыйнымі, такім чынам, не нацэленымі на доўгатэрміновы характар. Кажучы простымі словамі: цуд хутка і вельмі нечакана можа скончыцца.

Фінансаванне з боку дзяржавы не можа насіць пастаянны характар хоць бы ў сілу таго, што рэсурсы бюджэту не бязмежныя. Крэдытная падтрымка з расійскага боку таксама часовая, бо закліканая залатаць дзіркі, нанесеныя эканоміцы санкцыйным ціскам.

Здаровы рост уключаў бы ў сябе інвестыцыі ў прамысловасць з боку прыватнага бізнесу і замежных інвестараў. Але іх, па сутнасці, няма, бо перспектывы развіцця эканомікі Беларусі або выглядаюць туманна, або зусім ацэньваюцца як вельмі няўстойлівыя.

Зніжэнне тэмпаў росту прамысловай вытворчасці з сярэдзіны года ўжо дэманструе абмежаваныя магчымасці штучнага росту эканомікі.

Назапашаны рост у прамысловасці, верагодна, можа дазволіць дасягнуць ураду пастаўленых мэтаў на бягучы год. Аднак асноў для аптымістычнага погляду на будучы год не праглядаецца.

Глядзіце таксама