«Марнаванне бюджэтных сродкаў!» Як аршанская раёнка раз’юшыла чытачоў

У Оршы паставяць «Дошку гонару» па цане дома. Даведаўшыся пра гэта, чытачы мясцовай раённай газеты не вытрымалі, распавядае «Наша Ніва».

Праект раённай Дошкі гонару. Выява з orshanka.byhttps://nashaniva.com/330395

Праект раённай Дошкі гонару. Выява з orshanka.by
https://nashaniva.com/330395

Дзяржаўная «Аршанская газета» паведаміла чытачам, што плануецца перанос раённай Дошкі гонару ад будынка райвыканкама на цэнтральную плошчу Оршы, дзе стаіць помнік Леніну. «Адшукалі для вас праект новай канструкцыі. Як вам такая ідэя?» — запыталася рэдакцыя. Сацсеткі выдання выбухнулі абурэннем гараджан.

«Абсалютна непатрэбная ідэя. Марнаванне бюджэтных сродкаў!» — такі каментар сабраў найбольшую колькасць падабаек на старонцы «Аршанскай газеты» ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Сярод 23 каментароў да гэтай навіны не знайшлося ніводнага прыхільнага. Аналагічная сітуацыя і на старонцы выдання ў Instagram.

Глядзіце таксама

«Чаму не пытаюцца ў жыхароў, калі прымаюцца такія рашэнні? Мы ўсе плацім падаткі. Гэта змарнаваныя грошы, а ў нас вартыя жалю дзіцячыя пляцоўкі, бракуе абсталявання ў паліклініках, не кажучы ўжо пра рамонты», — піша адзін з 43 каментатараў у інсце.

Аршанцы пералічваюць дзясяткі аб'ектаў, на якія можна было б выдаткаваць грошы.

«Колькі гэта каштуе? Баюся нават уявіць», — пытаецца ўдзельнік абмеркавання.

На пытанне пра кошт аб'екта ў раёнцы і яе сацсетках ніхто не адказаў. На афіцыйным сайце Аршанскага райвыканкама таксама няма ніякіх звестак пра кошт новых стэндаў.

Мяркуючы па рэндары ў раённай газеце, новы гарадскі аб'ект будзе адзін у адзін падобны да Дошкі гонару, усталяванай у 2020 годзе ў Віцебску.

Дошка гонару ў Віцебску. Фота: viciebsk.cchttps://nashaniva.com/330395

Дошка гонару ў Віцебску. Фота: viciebsk.cc
https://nashaniva.com/330395

Гэта два стэнды, абліцаваныя гранітам і дэкарыраваныя арнаментам з анадзіраванага алюмінію. Паміж стэндамі — стэла з гербам Рэспублікі Беларусь, але ў аршанскім варыянце на ёй будзе размешчаны герб горада. Тры гады таму віцебская Дошка гонару абышлася гарадскому бюджэту больш як у 150 тысяч рублёў, або ў 67 тысяч долараў па тагачасным курсе.