Чалы пра заявы Масквы: «Гэта не спроба паглынання, гэта проста спосаб загаварыць праблему»
Эканаміст Сяргей Чалы не лічыць, што Масква аказвае сур'ёзны ціск на Мінск.
— Здаецца, што размова аб Саюзнай дзяржаве — гэта жах-жах. Ды не ж, —
адзначыў у праграме “Эканоміка на пальцах” Сяргей Чалы.
Ён звярнуў увагу на нядаўняе выказванне кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова. Кажучы аб дагаворы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, дыпламат падкрэсліў, што агульных канстытуцыі, парламента і суда пакуль стварыць не ўяўляецца магчымым, але «і мы на гэтым зусім не настойваем».
Эканаміст лічыць, што «ёсць рэчы, па якіх можна зрабіць значна больш балюча», чым проста размовы аб Саюзнай дзяржаве. І прыводзіць у прыклад сітуацыю дзесяцігадовай даўніны, калі віцэ-прэм'ер і міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын адмовіўся даць Мінску крэдыт. Лукашэнка тады жорстка раскрытыкаваў яго: «Ён цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць нас вучыць працаваць».
У гэтым годзе Мінск павінен выплаціць Маскве вялікую суму, і без новага крэдыту зрабіць гэта будзе няпроста.
— І гэта было б нашмат больш балюча — паспрабуй перакрыйся. Адным Кітаем не абыдзешся, — сказаў Сяргей Чалы.
Эканаміст мяркуе: «Тое, што палітолагі прымаюць за спробу паглынання, — гэта проста спосаб загаварыць праблему».
— Беларускія ўлады паставілі пытанне: хлопцы, вы па сутнасці справы прыдумваеце нядобрасумленную канкурэнцыю на рынку (да 2025 года павінен быць створаны агульны рынак нафты, нафтапрадуктаў і газу — рэд.) (З боку Масквы) гэта спроба адвесці размову. Класічная тактыка вядзення сямейнай сваркі: а ты калісьці наогул такое зрабіў! — адзначыў Чалы.
Паводле gazetaby.com