Лукашэнка: Няўжо камусьці ў Расіі Украіны не хапае?

На думку Лукашэнкі, спробы сутыкнуць беларусаў з расіянамі могуць прывесці да эскалацыі сітуацыі. "Калі толькі гэтая тэма становіцца актуальнай, асабліва ў расійскіх СМІ, то заўтра, нават калі ў Беларусі не будзе адмарозкаў, якія будуць біць рускіх, нам іх падкінуць, — сказаў ён. — Вы ведаеце, з любой краіны нам іх падкінуць, каб гэтыя відэа ўвесь час былі ў інтэрнэце", піша БелаПАН.

Фота AP, Dmitri Lovetsky, Pool

Фота AP, Dmitri Lovetsky, Pool


Нікому не ўдасца сутыкнуць беларусаў з расіянамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня на сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы з дзейным і былымі міністрамі замежных спраў краіны, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка расказаў, што яго асабліва трывожыць ў адносінах з Расіяй. Справа не ў падатковым манеўры, які праводзіцца ў расійскай нафтавай сферы, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Перажывём мы яго. Мне не зусім зразумелая — я думаю, давядзецца задаць пытанні кіраўніцтву Расіі — такая атака ў СМІ на Беларусь. Няхай навобмацак пакуль, але тыпу таго: "Бацька-1", "Бацька-2", "Батька- 3" (маецца на ўвазе нашумелы пяцісерыйны дакументальны фільм "Хросны бацька" пра Лукашэнку, які быў паказаны ў 2010—2011 гадах на расійскім тэлеканале НТВ. — БелаПАН.). Але калі тады яны ў мяне хацелі знайсці нейкія грошы і забраць — хай знойдуць і забяруць. Я абсалютна чысты і адкрыты перад вамі. Насцярожвае тое, што яны спрабуюць нас ужо сутыкнуць з рускімі", — заявіў Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў выпадак, які атрымаў агалоску ў інтэрнэце, а затым быў выкарыстаны ў расійскіх СМІ для ілюстрацыі негатыўнага стаўлення да рускіх у Беларусі. "Вы ведаеце ў інтэрнэце гэты выпадак, калі нехта ў метро зладзіў канфлікт з нейкім чалавекам, і ўсё гэта хуценька было паднесенае (як быццам з Расіі замовілі) як тое, што ў нас робяць нападкі на рускіх людзей, — сказаў Лукашэнка. — Калі я прачытаў гэта, неадкладна даручыў разабрацца. Я разумею, што ўсякія могуць быць выпадкі. Аказваецца, там рускімі, як яны кажуць, і не пахла. Гэта канфлікт двух беларусаў. Інакш не скажаш. Прытым ён хутка быў зняты на відэа (цяпер гэта проста робіцца) і ўкінуты ў інтэрнэт. І яны (расійскія СМІ. — БелаПАН.) за гэта ўхапіліся. Аказваецца, адзін беларус, які калісьці быў асуджаны (супрацоўнік АМАП, за хабар быў пасаджаны, выйшаў з турмы). Другі быў таксама беларус паўадмарожаны. І завязалася бойка. Прычым тут рускія?!"

Як растлумачыў Лукашэнка, усё гэта ён расказвае для таго, каб была зразумелая яго пазіцыя: сутыкнуць беларусаў з расіянамі не ўдасца. "Гэта не той шлях, каб неяк атрымаць у Расіі камусьці ад гэтага дывідэнды. Не атрымаецца. Я ўжо груба казаў калісьці: мы самі — рускія, нас немагчыма сутыкнуць адзін з адным, беларус — гэта рускі са знакам якасці. На гэтай тэме пагуляць — гэта вельмі небяспечна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Я часам задаю гэтае пытанне сам сабе, але сёння скажу публічна: няўжо камусьці ў Расіі Украіны не хапае? Няўжо трэба абавязкова стварыць праблему на роўным месцы? — заявіў Лукашэнка. — Ну няма ў вас магчымасці кампенсаваць нам страты ад гэтага падатковага манеўру. Гасподзь з вамі. Мы ж у вас не адбіраем ваш тавар. Гандлюеце вы нафтай, газам, якія Гасподзь туды паклаў у нетры, і свідравіны мы бурылі ў свой час. Уладзіміру Уладзіміравічу (прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. — БелаПАН.) пра гэта казаў на апошняй сустрэчы. Кажу: не забывай, у тыя савецкія часы, калі мы пад стол з табой хадзілі, адсюль (з Беларусі. — БелаПАН.) лёталі чартары, і вахтавым метадам бурылі свідравіны — нафтавыя і газавыя. І яны сёння яшчэ працуюць".

Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь не просіць грошай, а настойвае на роўных умовах. "Мы ў стане іх зарабіць. Мы стварылі агульны рынак, мы, невялікая краіна, і гігант Расія. Вы што, баіцеся канкурэнцыі? Давайце на гэтым рынку канкураваць. Не, трэба палкі ў колы, — сказаў ён. — Па-другое, усе дагаворы, якія мы падпісвалі... Мы што патрабавалі — роўных умоў. Дзе гэтыя роўныя ўмовы? Вось адзінае, што мы патрабуем. На іх прынцыпах канкурэнцыя. Яны (Расія. — БелаПАН.) больш прасунутыя ў рынку. І роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання і людзей. І мы сваё шчасце будзем шукаць на роўных умовах".

На думку Лукашэнкі, спробы сутыкнуць беларусаў з расіянамі могуць прывесці да эскалацыі сітуацыі. "Калі толькі гэтая тэма становіцца актуальнай, асабліва ў расійскіх СМІ, то заўтра, нават калі ў Беларусі не будзе адмарозкаў, якія будуць біць рускіх, нам іх падкінуць, — сказаў ён. — Вы ведаеце, з любой краіны нам іх падкінуць, каб гэтыя відэа ўвесь час былі ў інтэрнэце. А яны з інтэрнэту, не разабраўшыся, будуць укідваць на асноўныя каналы ў Расіі. Вось у чым небяспека — эскалацыі гэтага працэсу".

"Гэта не пройдзе ў Беларусі, не атрымаецца. А калі, не дай бог, такія факты будуць, самая жорсткая будзе рэакцыя. Праваахоўныя органы атрымалі адпаведнае ўказанне спыняць падобныя рэчы самым жорсткім чынам і разбірацца", — папярэдзіў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН