Дзіўная справа. Чаканая і адчуваная інфляцыя расце насуперак умацаванню беларускага рубля
Нягледзячы на тое, што за другі квартал 2021 года беларускі рубель умацаваў свае пазіцыі да кошыка валют, аднак інфляцыя — як яе адчуваюць беларусы — толькі ўзмацніліся. Растуць і далейшыя інфляцыйныя чаканні, паведамляе «Еженедельник». Калі тэндэнцыя захаваецца, то эканамічных аптымістаў у Беларусі наогул не застанецца.
Паводле даследавання Нацыянальнага банка, за другі квартал 2021 года інфляцыйныя чаканні беларусаў значна ўзмацніліся, калі параўноўваць са звесткамі за сакавік. Пры гэтым і бягучую інфляцыю насельніцтва стала адчуваць даволі востра. Усё гэта адбылося на фоне ўмацавання пазіцый беларускага рубля і адначасовага росту рэальных цэн.
Так, калі ў сакавіку 49,7% апытаных адзначалі, што цэны за апошні квартал істотна павялічыліся, цяпер тое адчуваюць ужо 57,4%. Гэта даволі значны рост. Пры гэтым істотна скарацілася колькасць рэспандэнтаў, якія кажуць, што цэны выраслі нязначна, — з 11,2% у сакавіку да 7,4% у чэрвені. У выніку ўзровень адчуванай беларусамі інфляцыі павялічыўся з 12,9% у сакавіку да 14,6% у чэрвені.
Чаканні росту ўзроўню інфляцыі павялічыліся яшчэ больш значна. Так, калі ў сакавіку 18,8% рэспандэнтаў казалі, што ў наступным квартале цэны будуць расці хутчэй, чым цяпер, то ў чэрвені такіх ужо было 26,5%. Пры гэтым колькасць аптымістаў, якія спадзяваліся на тое, што цэны будуць расці менш, скарацілася амаль удвая — з 21,1% у сакавіку да 12,3% у чэрвені. Усё гэта прывяло да таго, што ўзровень чаканай інфляцыі павялічыўся з 12,9% у сакавіку да 14,7% у чэрвені. Калі тэндэнцыя захаваецца, то эканамічных аптымістаў у Беларусі наогул не застанецца.
Каментар па справе Яраслава Раманчука
Як так атрымалася, што пры стабілізацыі курсу беларускага рубля інфляцыйныя чаканні няўмольна ідуць уверх? Гэта патлумачыў вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук.
— Чаканні інфляцыі ў Беларусі — гэта не столькі манетарны феномен, колькі стаўленне беларусаў і бізнесу да ўлады, да дзяржавы. Гэта паказчык, у першую чаргу, узроўню даверу да ўлады, да той інфармацыі, якую мы атрымліваем ад органаў дзяржаўнага кіравання.
Назаву пяць фактараў, якія ўплываюць на высокі ўзровень інфляцыйных чаканняў.
Першы — абнуленне даверу да ўлады на фоне прававога асяроддзя, у якім «часам не да законаў». Інвестыцыйная засуха, адток бізнесу на фоне жорсткага ціску на прадпрымальнікаў — дрэнныя навіны для эканомікі.
Другі — ліпеньскія валютныя новаўвядзенні, якія могуць прывесці да ўскладнення доступу да валюты. Яны разаграваюць асцярогі беларусаў.
Трэці — падаўжэнне жорсткага рэгулявання цэн у ручным рэжыме.
Чацвёрты — чаканні негатыўнага ўплыву санкцый на эканоміку. Дэфіцыт фінансаў можа прымусіць улады звярнуцца да дапамогі грашовага друкарскага варштату. А гэта, паводле нашага вопыту, азначае рэзкі рост ціску на курс і на спажывецкія цэны. Нацыянальны банк у нас не з'яўляецца незалежным органам. Не выключана, што ля яго стырна можа з'явіцца малады Пракаповіч у асобе памочніка прэзідэнта В. Бельскага.
Пяты — татальная ваеншчына на ключавых пазіцыях ва ўпраўленні эканомікай. Людзі ў фуражках і мундзірах, па факце, спынілі паўнавартасны дыялог з бізнесам. А які можа быць да іх давер? Якія чаканні ад іх? Рашэнне складаных праблем у эканоміцы — як у тым анекдоце пра прапаршчыка. «Спыніце цягнік! Ёсць! — Цягнік стой, раз-два».