Дзяржаўныя прафсаюзы абвяргаюць Наталлю Качанаву

Яшчэ нядаўна кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла, што ў беларускіх крамах дастаткова тавараў, выбар на паліцах шырокі, недахопу ні ў чым няма. І параіла глядзець не на паліцы, а ў тэлевізар. Але ў праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў вырашылі ўсё ж зазірнуць у крамы.

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Намесніца старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Алена Манкевіч, каментуючы вынікі маніторынгу цэнаў у лістападзе, канстатавала: у рознічным гандлі назіраецца зніжэнне асартыменту нехарчовых тавараў. Паводле яе слоў, размова ідзе аб імпартнай касметыцы, сродках асабістай гігіены і бытавой хіміі.

«На жаль, шырокай лінейкі, як гэта было раней, на прылаўках крамаў няма. Па шэрагу пазіцый імпартнай вытворчасці цэны выраслі ў разы. Той жа лак і пенкі для ўкладвання валасоў раней каштавалі 5-7 рублёў, сёння гэтую прадукцыю можна сустрэць ужо па 20 рублёў. І ўсяго адзін від, а не 10-15, як мы прызвычаіліся».

Прадстаўнік ФПБ патлумачыла гэта тым, што «шэраг вельмі буйных міжнародных карпарацый сышлі з расійскага і беларускага рынкаў, хаця і не ў поўным аб’ёме, але скарацілі пастаўкі».

Яна прызнала, што на прылаўках засталіся толькі «прадметы першай неабходнасці».

Гаворачы аб прадуктах харчавання, прадстаўніца ФПБ падкрэсліла, што «за рэдкім выключэннем асартыментны пералік вытрымліваўся».

«Калі не хапае чагосьці на прылаўках, гэта перш за ўсё звязана з несвоечасовасцю разлікаў з пастаўшчыкамі ці не асаблівай запатрабаванасцю ў насельніцтва».

Што тычыцца медыкаментаў у аптэках, то ў іх за лістапад не зафіксавана павышэння цэнаў. Пры гэтым існуе розніца цэнаў на адзін і той жа прэпарат у розных аптэках. Агулам улады прааналізавалі 50 пазіцый беларускіх і замежных медыкаментаў.

Паводле Радыё Св*бода