Дзве лічбы пра тое, чаму Украіна можа апынуцца наперадзе Беларусі
Беларусы апошнім часам скептычна выказваюцца аб суседняй краіне. Магчыма, дарма.
Асабліва гэта было заўважна падчас нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў. Нават вядомы крытык беларускай улады — эканаміст Яраслаў Раманчук непахвальна адгукнуўся аб дзейнасці ўкраінскіх чыноўнікаў, заўважыўшы, што з эканамічным крызісам Лукашэнка пакуль спраўляецца нашмат лепш, чым украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка.
— Парашэнка вельмі дрэнна спрацаваў. Украіна па-гіганцку павялічыла даўгі, не вырашыла структурныя праблемы, яны не зрабілі нічога з буйным бізнэсам і карупцыяй, — раней адзначыў эканаміст у каментары «Салідарнасці».
Сказанае экспертам, безумоўна, праўда. Тым не менш, у апошні час ва ўкраінскай эканоміцы намеціліся як мінімум дзве важныя тэндэнцыі, якіх, на жаль, пакуль няма ў Беларусі.
Па-першае, ва Украіне намеціўся прыток замежных інвестыцый. Толькі ў першым квартале прырост інвестыцый у краіну склаў каля 2% ВУП, або 733 мільёнаў даляраў. А за ўвесь мінулы год аб'ём прамых інвестыцый у Украіне перавысіў 4,4 мільярда даляраў, што нямала з улікам вайны, што працягваецца на Данбасе.
Для параўнання ў мірную Беларусь за мінулы год прыйшло толькі 1,3 мільярда прамых замежных інвестыцый.
Па-другое, Украіна правяла дыверсіфікацыю экспарту, пра якую пакуль толькі мараць беларускія чыноўнікі. Толькі за першыя пяць месяцаў з пачатку года краіна павялічыла пастаўкі прадукцыі ў краіны Еўрасаюза на 25%. Прычым, у суседзяў на еўрапейскія краіны прыпадае ўжо больш за 40% знешняга гандлю!
Беларусь жа ў апошні час, наадварот, толькі ўзмацняе залежнасць ад расійскага рынку, на які прыпадае каля 43% экспарту.
З такой статыстыкі можна зрабіць адну несуцяшальную выснову — у той час, як Украіна не без праблем і са скрыпам рухаецца ў бок цывілізаванага свету, Беларусь па-ранейшаму стаіць на месцы, называючы гэта стабільнасцю.
Паводле gazetaby.com