Эксперт: Страты ад санкцый найбольш адчуе Расія

Санкцыі, якія ўвялі ў адносінах да Расіі ЗША і Еўразвяз, несумяшчальныя з тымі санкцыямі, якія ў адказ увяла Расія. 



alaksandr_sinkievcz.jpg

Эканамічныя страты панясуць абодва бакі, але ў маштабах валавага ўнутранага прадукту гэтыя страты найбольш будуць адчувальныя для Расіі.

Кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:

— Тое, што ўведзена, яно ўдарыць даволі балюча па Расеі. Гэта павязана перадусім з эфектам маштабу. Напрыклад, Расія і Еўразвяз могуць згубіць з-за санкцый прыкладна па сто мільярдаў даляраў — гэта агульныя страты ад разарваных кантрактаў і гэтак далей, нават крыху больш, за 2015 год. Але для Расіі гэта 5% ад валавога ўнутранага прадукту, а для Еўразвяза гэта ўсяго 0,5%, то бок маштаб стратаў для Расеі больш балючы.

Паводле Аляксандра Сінкевіча, для Расіі ўсё будзе залежыць ад таго, наколькі паспяхова расійскія ўлады і менеджэры пераарыентуюць кантракты на краіны трэцяга свету. Калі гэта атрымаецца, то можна крыху зменшыць гэты ўдар, калі не — тады рэцэсія ў расейскай эканоміцы зацягнецца і паглыбіцца, адзначае эксперт.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя