Эксперты АЭСР плануюць арганізаваць некалькі рабочых візітаў у Беларусь для правядзення аналізу эканомікі краіны
3–4 снежня ў Парыжы беларуская дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў Міністэрства эканомікі і пасольства Беларусі ў Францыі ўзяла ўдзел у пасяджэннях кіруючага камітэта праграмы павышэння канкурэнтаздольнасці краін Еўразіі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР).
Як паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Францыі, праграма рэалізуецца з 2008 года з мэтай павышэння дынамічнасці і канкурэнтаздольнасці эканомік згаданых краін на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях для забеспячэння ўстойлівага росту.
Беларусь з 2009 года бярэ актыўны ўдзел у рэалізацыі ініцыятывы АЭСР па краінах Усходняй Еўропы і Закаўказзя. Мэтай гэтай ініцыятывы з'яўляецца стварэнне спрыяльных эканамічных умоў для развіцця прыватнага сектара, прыцягнення інвестыцый, павышэння прадукцыйнасці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама развіцця навукаёмістай эканомікі для павышэння канкурэнтаздольнасці і прыцягальнасці рэгіёну для замежных інвестыцый.
Падчас пасяджэнняў прайшоў разгляд і зацвярджэнне рабочага плана праграмы АЭСР на 2014 2015 гады. У сувязі з гэтым у дыпмісіі ў Францыі зазначаюць, што на сённяшні момант эксперты АЭСР правялі аналіз эканамічных палітык Кыргызстана і Малдовы. На 2014 год намечана правядзенне аналізу эканомік Арменіі, Таджыкістана і Украіны. Згодна з дамоўленасцямі з прадстаўнікамі АЭСР, правядзенне аналізу эканомікі Беларусі запланавана на 2015 год. На наступны год запланавана правядзенне падрыхтоўчых работ да пачатку аналізу, эксперты АЭСР плануюць арганізаваць некалькі рабочых візітаў у Беларусь з мэтай выяўлення кірункаў наступнага даследавання. З боку Рэспублікі Беларусь асноўным партнёрам у гэтай працы выступае Міністэрства эканомікі.
"Чакаецца, што правядзенне такога тыпу даследаванняў дазволіць нашай краіне вызначыць, наколькі наяўная эканамічная палітыка дзяржавы адпавядае практыкам дзяржаў — членаў АЭСР. Таксама экспертамі гэтай арганізацыі і іх беларускімі калегамі будуць вызначаны падыходы па карэкціроўцы эканамічнай палітыкі ў дачыненні да функцыянавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з мэтай павышэння патэнцыялу прыватнага сектара эканомікі Беларусі з улікам існуючых у краіне ўнутраных і знешніх умоў і асаблівасцяў", — зазначаецца ў паведамленні пасольства.
Падкрэсліваецца таксама, што, беручы ўдзел у гэтай праграме, Беларусь "мае магчымасць наўпрост кантактаваць з экспертамі АЭСР і калегамі з міністэрстваў іншых краін — удзельніц праграмы для абмену вопытам і вывучэння паспяховых падыходаў у сферы рэфармавання дзяржаўнай эканамічнай палітыкі ў сферы развіцця прыватнага сектара ў эканоміках пераходнага тыпу".
Аляксей Арэшка, БелаПАН