Эўрапейскія грузавікі трапляюць у Расею празь Беларусь у абыход санкцыяў. Асноўнае з расьсьледаваньня

Як высьветлілі расьсьледнікі, падсанкцыйныя эўрапейскія грузавікі возяць у Расею дзясяткі беларускіх кампаній.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP / SCANPIX

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP / SCANPIX

Нядаўна Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаць празь межы зь Беларусьсю люксавыя аўтамабілі, на гандаль якімі з Расеяй наклалі санкцыі.

Журналісты-расьсьледнікі высьветлілі, што сетка беларускіх, расейскіх і эўрапейскіх кампаній у абыход санкцыяў увозіць з Эўропы ў Расею празь Беларусь ня толькі люксавыя аўтамабілі, але і грузавыя.

Схемы перапродажу эўрапейскіх аўтамабіляў у Расею раскрывае ў сваім новым расьсьледаваньні беларускае «Бюро» ў партнэрстве з расейскім выданьнем «Вёрстка». Расьсьледаваньню дапамагалі «Кібэрпартызаны» і літоўскі расьсьледніцкі цэнтар Siena. «Радыё Свабода» пераказвае асноўнае.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Эўразьвяз забараніў прадаваць грузавікі ў Расею і Беларусь, але аўтамабілі трапляюць у гэтыя краіны ў абыход санкцыяў.

Як высьветлілі расьсьледнікі, падсанкцыйныя эўрапейскія грузавікі возяць у Расею дзясяткі беларускіх кампаній.

Сярод папулярных аўтамабільных брэндаў — Volvo, Scania, Mercedes-Benz, DAF, MAN, Renault. Краінай паходжаньня грузавікоў пазначаныя Швэцыя, Бэльгія, Нідэрлянды, Францыя, Нямеччына, Польшча.

Глядзіце таксама

Паводле журналістаў, дзякуючы ланцужкам пасярэднікаў у 2023 годзе зь Беларусі ў Расею паставілі больш за 600 цягачоў на 60 мільёнаў даляраў. У тройку лідэраў па пастаўках увайшлі беларускія кампаніі «Белшынгандальсэрвіс», «Аўтабай Лізінг» і «НМП Лагістык». Яны падзялілі паміж сабой амаль 60% «шэрага» аўтарынку.

Сутнасьць схемы палягае ў тым, што эўрапейскія дылеры прадаюць цягачы кампаніям у Літве. Тыя, у сваю чаргу, прадаюць іх кампаніі ў іншай краіне, напрыклад у Казахстане. Потым машыны транзытам заяжджаюць на тэрыторыю Беларусі, дзе на іх робяць новыя дакумэнты.

Пасьля грузавікі становяцца на ўлік у межах ЭАЭС і ад імя беларускіх фірмаў іх прадаюць расейскім дылерам, а потым — пакупнікам па ўсёй Расеі.

Прыкладна такая ж схема працуе і для люксавых аўтамабіляў. Так, усе тры кампаніі, якія пастаўляюць цягачы ў Расею, таксама правозяць і легкавыя аўтамабілі. У ланцужку паставак задзейнічаныя кампаніі з чатырох краін — Нямеччыны, Літвы, Беларусі і Расеі. Як і ў выпадку зь цягачамі, машыны ў эўрапейскіх пастаўшчыкоў купляе літоўская фірма, якая потым перапрадае іх беларускай, а тая, у сваю чаргу, перапрадае сваёй жа фірме, але расейскай.