Гомсельмаш прадае старую кітайскую тэхніку як беларускую?

На сайце ААТ «Гомсельмаш» у раздзел, дзе прадаюць сельскагаспадарчую тэхніку, якая была ва ўжыванні, трапілася і кітайская машына — але з беларускім лога.

Кітайскі камбайн для збірання рысу пад беларускай гандлёвай маркай Palesse

Кітайскі камбайн для збірання рысу пад беларускай гандлёвай маркай Palesse

Сярод тэхнікі, якую «Гомсельмаш» прапануе да продажу, трапіліся кітайскія машыны, але з лагатыпам беларускай кампаніі. Гэту дзіўную нібыта беларускую тэхніку знайшло выданне «Флагшт*к».

На сайце «Гомсельмаша» ў пераліку ўжыванай сельгастэхнікі трапіліся як мінімум два асобнікі тэхнікі кітайскай вытворчасці.

За 44,1 тысячы рублёў у «Гомсельмаш» можна набыць 5-гадовы збожжаўборачны камбайн, выраблены кітайскай кампаніяй Zoomlion Heavy Industry Science and Technology.

Гомсельмаш прадае няновую кітайскую сельскагаспадарчую тэхніку пад маркай Palesse

Гомсельмаш прадае няновую кітайскую сельскагаспадарчую тэхніку пад маркай Palesse

Таксама «Гомсельмаш» прадае рысаўборачны камбайн ZOOMLION 4LZ-2.5 Q 2017 года выпуску. Цана на кітайскую мадэль устаноўленая ў памеры 26,5 тысячы рублёў. Гэта мадэль цікавая тым, што на ёй замест лагатыпаў кітайскага вытворцы нанесеная фірмовае найменне тэхнікі беларускага машынабудаўніка Palesse.


Кітайская кампанія Zoomlion Heavy Industry Science and Technology прадстаўлена ў Беларусі сумесным прадпрыемствам ТАА «Зумліён БЕЛ-РУС», рэзідэнтам кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Гэта прадпрыемства з 2017 года ў кааперацыі з ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» вырабляе спецтэхніку для будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі. Сельскагаспадарчую тэхніку гэта прадпрыемства не вырабляе.