Смартфоны і кавуны: Што раней збіраліся імпартазамяшчаць і што з гэтага атрымалася?

Першы беларускі ноўтбук паабяцалі сабраць яшчэ ў 2009 годзе, а мабільныя тэлефоны нават выпусцілі, але… Глядзім, што ў нас з «імпартазамяшчэннем», пра якое ўвесь час кажуць чыноўнікі.


Ноўтбукі

Пра зборку першага беларускага ноўтбука загаварылі ў 2009 годзе. Нібыта, гэта мелася зрабіць кампанія «Інтэгралтэхнікс» — дачка беларускага заводу «Інтэграл». Тады пісалі, што ноўтбук ужо ёсць і праходзіць сертыфікацыю.

Ноўтбук тады так і не з’явіўся, а на кіраўнікоў кампаніі завялі крымінальную справу за налепкі «Інтэграл» на маніторах Acer і Philips, якія імітавалі, нібыта іх вырабілі не сусветна вядомыя брэнды, а беларускія вытворцы.

Цяпер сайт кампаніі «Інтэгралтэхнікс» не адчыняецца, а на сайце «Інтэграла» ў спісе прадукцыі няма ноўтбукаў. Няма ноўтбукаў і манітораў беларускай вытворчасці і на паліцах беларускіх крамаў.


Смартфоны

У 2008 годзе беларускае прадпрыемства «Прамсувязь» выпусціла свой мабільны тэлефон — «Евротеф-М». У тэлефоне нават была камера. Тады чыноўнікі гаварылі пра выпуск першай партыі ў тысячу адзінак.

Адмыслоўцы, якія тэставалі тэлефон, тады казалі, што з беларускага ў ім — толькі зборка, усе дэталі кітайскай вытворчасці. Папулярнасці прадукт не займеў і даволі хутка сышоў з продажу.


Сыр з цвіллю

У 2018 годзе ў Лёзна вырашылі наладзіць вытворчасць сыру з белай цвільлю. На запуск лініі патрацілі каля 4 мільёнаў еўра. У выніку цэх вытворчасці гэтага сыру сышоў у мінус па рэнтабельнасці, таму што тэхніка — гэта яшчэ не ўсё: праблемы ўзніклі з рэцэптурай гэтых сыроў.

Цяпер на паліцах беларускіх крамаў — сыры з цвіллю вытворчасці іншых краін. Аднак чыноўнікі не здаюцца — у Вілейцы збіраюцца пачаць рабіць сыр камамбер. Запусціць вытворчасць плануюць у 2023 годзе.


Мэбля і будаўнічыя матэрыялы з дрэва

У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі пачалі падтрымліваць прадпрыемствы, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Шэрагу дрэваапрацоўчых заводаў выдзелілі крэдыты агульнай сумай больш як на 1 мільярд долараў.

Па задуме, пасля мадэрнізацыі дрэваапрацоўчыя заводы меліся пачаць выпускаць мэблю і сучасныя будаўнічыя матэрыялы з дрэва, якія будуць карыстацца папулярнасцю і пойдуць на экспарт. Аднак большасць дрэваапрацоўчых заводаў па сёння стратныя.

«Магілёўдрэў» за 2021 год меў 305 тысяч рублёў прыбытку. «Івацэвічдрэў» зарабіў 2,5 мільёна рублёў, але даўгі (як доўгатэрміновыя так і кароткатэрміновыя) складаюць больш за 231 мільён рублёў. Гэта ў 92 разы больш за штогадовы прыбытак.


Кавуны і дыні

Кавуны і дыні на сваім падворку пачаў вырошчваць Лукашэнка, за гаспадаркай сочыць загадчык лабараторыі тэхналагічных даследаванняў Інстытуту агародніцтва Мечыслаў Сцяпура.


Нібыта летась на падворку сабралі 45 тонаў кавуноў. Аднак масава вырошчваць у Беларусі кавуны гаспадаркі не пачалі. На паліцах крамаў звычайна і кавуны, і дыні, якія выраслі за мяжой: у Казахстане, Расіі, а часам і ў Грэцыі.

Паводле Радыё Св@бода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: