Гора «недружалюбных» інвестараў, якія паверылі ў гарантыі беларускай улады

Цяпер «недружалюбным» уласнікам стане складаней атрымліваць і выдаткоўваць прыбытак ад сваіх актываў у Беларусі. Гэта вынікае з указу, які быў апублікаваны і пачаў дзейнічаць 13 верасня.

_ekanomika___horad___lancuh____zamok__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

У Беларусі апублікаваны ўказ №285 ад 13 верасня, згодна з якім замежныя ўласнікі з «недружалюбных» краін змогуць атрымліваць прыбытак і дывідэнды ад свайго бізнесу і актываў у Беларусі праз спецрахункі.

Адметна, што пры гэтым выдаткаваць сродкі атрыманыя сродкі можна будзе выключна ў нашай краіне і толькі на ўстаноўленыя мэты.

Новы ўказ прадугледжвае стварэнне схемы з адкрыццём двух разнавіднасцяў спецыяльных рахункаў: беларускімі суб'ектамі гаспадарання – у мэтах выканання імі абавязацельстваў па выплаце дывідэндаў і прыбытку, а замежнымі ўладальнікамі – для атрымання гэтых сродкаў. Абодва віды спецрахункаў будуць рублёвымі, а кожнай юрыдычнай асобе дазваляецца завесці толькі адзін такі рахунак.

Пасля звароту замежнага ўласніка, у якім ён паказвае рэквізіты свайго спецрахунку, у беларускай юрыдычнай асобы будзе 10 дзён для пералічэння сродкаў.

Атрыманы прыбытак замежныя ўладальнікі змогуць выдаткаваць толькі на абмежаванае кола мэтаў. Сярод іх — фінансаванне інвестпраектаў на тэрыторыі Беларусі, пагашэнне даўгоў па крэдытах Банка развіцця і іншых банкаў, а таксама размяшчэнне сродкаў у выглядзе безадзыўных укладаў як мінімум на год у банку, дзе адкрытыя спецрахункі (менавіта туды будуць пералічвацца працэнты).

Акрамя таго, замежныя ўласнікі змогуць набыць асаблівыя дзяржаўныя каштоўныя паперы, якія выпускаюцца ў рамках рэалізацыі пастановы беларускага Саўміна аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры – пры гэтым прадаць такія актывы не атрымаецца, бо іх зварот не ажыццяўляецца.

Указ уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», British American Tobacco (BAT), якая днямі паведаміла, што дамовілася пра продажы бізнесу ў Расіі і Беларусі, пазбавілася ад актыву ў Беларусі. Пакупніком стаў кансорцыум, які ўзначалілі былая кіраўнікі BAT Russia. Усе гандлёвыя маркі застануцца ва ўласнасці расійскага бізнесу.