Нашто сілавікам доступ да рахункаў беларусаў?
Сілавікі атрымаюць супердоступ да плацяжоў беларусаў. Гэта вынікае з указа Лукашэнкі «Аб мерах па супрацьдзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям».
Улады тлумачаць
гэта тым, што трэба змагацца з махлярствам, бо махляроў сапраўды развялося
вельмі шмат.
Нацбанк у найбліжэйшыя паўгода мусіць зрабіць базу несанкцыянаваных плацежных аперацый і спробаў іх здзяйснення. Туды ўвойдуць у тым ліку звесткі, якія ўтрымліваюць банкаўскую таямніцу. Ці сапраўды новаўвядзенне дапаможа дзяржаве змагацца з махлярамі і ці значыць гэта, што людзі стануць больш карыстацца наяўнымі і менш давяраць банкам?
На вострую для беларусаў тэму «Еўрарадыё» папрасіла паразважаць эканаміста, кіраўніка праекта "Кошт урада" Уладзіміра Кавалкіна.
Міліцыя можа змагацца з махлярамі без усялякіх указаў
— Cілавікі ў Беларусі кажуць, што гэта для вашай бяспекі. Але, па-першае, калі ёсць падазрэнне, што нейкі махляр пераводзіць грошы сабе і гэта незаконна, у паліцыі-міліцыі любой дзяржавы ёсць падставы, каб атрымаць гэтыя даныя. Яны могуць ці вярнуць грошы, ці забараніць гэты перавод увогуле. Ніякія дадатковыя магчымасці не патрэбныя ні Нацбанку, ні сілавікам — нікому.
Указ Лукашэнкі — адзін з шэрагу актаў, якія прымаліся яго рэжымам і сёлета, і да гэтага. Я нагадаю, быў указ пра тое, што ўсе юрыдычныя асобы, якія маюць базы даных, мусяць даць доступ да гэтых баз ААЦ у анлайн-рэжыме.
Гэтага, відаць, уладам мала, трэба яшчэ атрымаць доступ да банкаўскіх звестак. То-бок губазікі хочуць бачыць вас не толькі ў базах дадзеных крамаў, бараў і паліклінік, але яшчэ і сачыць у анлайн-рэжыме за ўсімі вашымі выдаткамі, падаткамі і гэтак далей. Таксама яны трэці год усталёўваюць камеры, каб сачыць за людзьмі, то-бок бяруць прыклад з Кітая і будуюць такі лічбавы канцлагер.
Што далей?
Магчыма, калі дзейныя ўлады будуць мець доступ да ўсіх лічбавых звестак, якія знаходзяцца ў Беларусі, яны супакояцца. Проста будуць здымаць вас, распазнаваць кейподам ваш твар і адсочваць, куды вы ходзіце, а таксама ўсе вашыя плацяжы і лісты.
Напрыклад, сілавікам можа быць цікава, куды вы ходзіце маліцца — да РПЦ, касцёла ці да пратэстанцкай царквы. Ходзіце да РПЦ — атрымліваеце +10 у сацыяльны крэдыт, пайшлі да касцёла — -10, да пратэстантаў — -20. Пасля вы прыходзіце набыць білет на цягнік, а вам кажуць: “Забаронена, бо ў вас нізкі сацыяльны крэдыт. Вы асоба іншага гатунку, вам не паложана”.
Гэта можа падацца смешным, але такое могуць зрабіць. Некаторыя анлайн-платформы, дзе адны людзі пішуць пасты, іншыя каментуюць, часам уводзяць самарэгуляцыю. Як карыстальнік платформы вы атрымліваеце карму і ў залежнасці ад яе можаце пісаць 10 пастоў на дзень ці адзін пост на тыдзень.
То-бок тут можа быць такая аўтаматызаваная сістэма, у якой той жа ГУБАЗіК, азвяронак, Мукавозчык і Бондарава будуць разглядаць ваш прафайл, калі вас пачнуць у нечым падазраваць. Там будзе ўсё бачна. Купляў белую і чырвоную фарбы — а для чаго? Хадзіў на нейкі канцэрт, але не на Дажынкі, а, напрыклад, на джаз у філармонію — давай да нас і раскайвайся.