Гродзенскія прадпрымальнікі супраць тэрміналаў

Надыход новага года беларускія прадпрымальнікі чакаюць з жахам. У дадатак да ўсеагульнай сертыфікацыі, з 1 студзеня на плечы ІП ляжа цяжар абавязковага ўсталёўвання банкаўскіх тэрміналаў для безнаяўных разлікаў у кожнай гандлёвай кропцы, дзе існуе касавы апарат.



terminaly.jpg

Фота remkkm.ru

Зразумела, што банкаўскі тэрмінал — гэта зручна. Але шмат прадпрымальнікаў лічаць гэта дадатковым каменем на шыю для свайго бізнесу. Прычым, настолькі небяспечным каменем, што да акцыі супраць абавязковага ўсталявання тэрміналаў далучыліся актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

«Не кожны прадпрымальнік мае абарот, каб дазволіць сабе набыццё тэрміналу коштам ад 10 мільёнаў і вышэй, — мяркуе актывіст БХД Сяргей Верамеенка. — Зараз мы збіраем подпісы супраць гэтага рашэння на рынках Гродна. Сустрэлі жанчыну перадпенсійнага ўзросту, якая яшчэ год-два папрацуе прадпрымальнікам, і сыходзіць. І што ёй рабіць з гэтым тэрміналам?»

Актывіст адзначае, што пакупніцкая здольнасць насельніцтва імкліва падае. «Зараз збіраем подпісы на рынку «Карона» — людзей тут амаль няма. У нядзелю мы былі на «Паўднёвым» рынку — пакупнікоў няма. Калі прадпрымальнік будзе купляць тэрмінал, ды яшчэ і плаціць за яго абаненцкую плату штомесяц, плюс банк будзе забіраць працэнт за абслугоўванне банкаўскага рахунка, — грошай не набярэшся», — кажа ён.

Па словах Верамеенкі, такое ж пытанне падымалі і гродзенскія  таксісты — ІПэшнікі. Яны ўжо пісалі звароты ў Нацбанк і Савет міністраў з просьбай адмяніць пастанову. Але ім адказалі, што ўлады ўжо пайшлі ім насустрач і з-за дрэннай эканамічнай сітуацыі перанеслі дзеянне пастановы на 1 студзеня 2016 года.

За адмену абавязковага «абтэрмінальвання» ўжо сабрана каля 800 подпісаў, на гэтым тыдні мяркуюць сабраць не менш за тысячу подпісаў і накіраваць у Гродзенскі аблвыканкам, Савет міністраў і прэзідэнцкую адміністрацыю. Патрабаванне адно — скасаваць сумесную пастанову Саўміна і Нацбанка №489 ад 21 траўня 2014 года, паводле якой ІП мусяць устанавіць у пунктах рэалізацыі тавараў і паслуг плацежныя тэрміналы.

Старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка цалкам згодны: банкаўскія тэрміналы — надзвычай вялікая праблема для ІП. «Гэта вельмі сур’ёзная праблема, асабліва для прадпрымальнікаў, якія не маюць дастатковых абаротных сродкаў. «Перспектыва» дамаглася адтэрміноўкі на паўгода, аднак з новага года пастанова ўступіць у сілу. А для таксістаў узнікнуць нават тэхнічныя праблемы з усталяваннем тэрміналаў», — кажа ён.

Пры гэтым сам Шумчанка досыць скептычна ставіцца да збору подпісаў. «Прадпрымальнікі могуць толькі звярнуць увагу на праблему. Беларускія ўлады пад ціскам абставінаў свае рашэнні не мяняюць. Подпісы — усяго толькі інструмент кансалідацыі людзей, для ўлады яны не маюць ніякага значэння», — лічыць ён.