«Яны з горда паднятай галавой кажуць: «Грошы ёсць, але я іх вам не аддам»
Беларускія чыноўнікі непераўзыдзена ўмеюць не плаціць па сваіх даўгах, якія гэтак жа непераўзыдзена ўмеюць набраць. А ўся справа ў тым, што ў дрэнныя рукі грошы аддаваць не хочацца, іранізуе ТГ-канал «Лісты да дачкі».
Вы ж у курсе, што яны ніколі не плацяць? Проста калі раней Мінфін усім не плаціў у адзіночку, то цяпер Мінфін не плаціць разам з Банкам развіцця. Таму што ў адзіночку, Мінфін мабыць, ужо не спраўляецца, каб не плаціць.
Вось Мінфін ужо два гады не плаціць свой доўг па еўрабондах на мільярд долараў. А ўчора Банк развіцця сказаў, што ён таксама не будзе плаціць доўг па еўрабондах на 500 мільёнаў долараў, якія ён павінен быў заплаціць да 2 мая.
І ведаеце, што мне падабаецца? Што яны не мямляць, не хаваюць вочы, не ныкаюцца па кутах ад крэдытораў. Не ныюць: «Прабач, у мяне проста грошай цяпер няма, такая складаная сітуацыя, я абавязкова аддам, ты ж мяне ведаеш». Не. Нічога такога. Яны адкрыта, шчыра, з горда паднятай галавой, гледзячы ў вочы кажуць: «Грошы ёсць, але я іх вам не аддам, таму што ў мяне правільных працэдур няма».
Вось міністр фінансаў, была справа, так наўпрост і сказаў. Што ў яго здаровы сэнс ёсць, а грошай шкада. І здаровы сэнс яму не дазваляе проста так аддаць дзяржаўныя грошы ў дрэнныя рукі.
Не, калі вы цяпер раптам падумалі, што самавітыя дзяржаўныя людзі проста так «кінулі» сваіх крэдытораў, то дарма. Яны іх не проста так «кінулі». Яны іх «кінулі» з глыбокім дзяржаўным сэнсам і пад вельмі добрапрыстойнай падставай.
Таму што стабільнасці ў свеце няма, а санкцыі ёсць. І праз гэтыя санкцыі ні Мінфін, ні Банк развіцця не можа проста так заплаціць свае пазыкі. А можа толькі пасля спецыяльных працэдур. Вось Банк развіцця сказаў, што, як толькі ён зробіць у сябе гэтыя спецыяльныя працэдуры, ён адразу ўсім заплаціць.
Не адразу, праўда. І не ўсім. Але каму-небудзь, што-небудзь, калі-небудзь ён, можа быць, абавязкова заплаціць. Вось Мінфін сваіх спецыяльных працэдур чакае ўжо два гады і нікому не плаціць. Так Банк развіцця таксама пачакае. Куды яму спяшацца?
Вы, вядома, можаце спытаць: няўжо Банк развіцця раней не ведаў, што яму давядзецца плаціць свае даўгі ва ўмовах санкцый? Няўжо ён не мог паклапаціцца пра гэтыя працэдуры загадзя?
А я вам скажу, што вы апалітычна разважаеце. Што няма ў вас сапраўднага дзяржаўнага мыслення. Што з такімі развагамі ў вас ніколі не будзе аніякага прафіцыту бюджэту. А ў Мінфіна і Банка развіцця — будзе. Таму што зэканоміў — лічы, зарабіў. А калі зэканоміў сабе чужыя грошы, то дакладна зарабіў.
І ведаеце, што я вам яшчэ скажу? Што ўсё правільна яны зрабілі. Таму што рэпутацыя — яна ж неацэнная. У тым сэнсе, што іх рэпутацыя ўсё роўна нічога не вартая. Тым больш яна не каштуе паўтара мільярда долараў. І ўжо даўно.