Яшчэ адзін брэнд сыходзіць з Беларусі? У Мінску знікаюць крамы вядомай сусветнай сеткі
У Мінску зачыніліся крамы буйной нідэрландскай сеткі Spar. Яна была прадстаўленая ў Беларусі не вельмі шырока, але цяпер няма і гэтага.

Карыстальнік X Bar_maley выклаў фатаграфіі гастранома на Партызанскім праспекце, 40, недалёка ад станцыі метро «Партызанская». Тут працавала першая ў Мінску крама Spar, але цяпер на шыльдзе напісана «Алмі». Пры гэтым у афармленні экстэр'ера захаваліся фірмовыя чырвоныя колеры. На здымку таго ж карыстальніка ад 1 красавіка крама яшчэ называецца Spar, пішуць Белнавіны.
Перастаў працаваць і сайт sparbelarus.by, на сайце міжнароднай сеткі ў спісе краін прысутнасці Spar Беларусі больш няма. Згодна з гандлёвым рэестрам Беларусі, дзейных крамаў Spar у краіне не засталося: яны альбо выключаныя з рэестра, альбо пераведзеныя ў сетку «Алмі».
Глядзіце таксама

Spar — нідэрландская сетка крам з 90-гадовай гісторыяй. Зараз па ўсім свеце працуе амаль 14 тысяч магазінаў у 48 краінах. Назва перакладаецца як «Елка» — яе стылізаваная выява ёсць на лагатыпе кампаніі.
У Мінску першая крама сеткі адкрылася ў жніўні 2017 года на Партызанскім праспекце, 40. Франшызай кіравала кампанія «Юніфуд», якая таксама развівала сеткі «Алмі» і Zakrama.
Прадстаўнікі кампаніі казалі, што да 2020 года плануюць адкрыць 60 крам у розных гарадах Беларусі. Але ў выніку на ўсю краіну было ў некалькі разоў менш крамаў: тры ў Мінску і па адной у Брэсце, Гродне, Бабруйску, Пінску, Кобрыне і Мазыры. Пры гэтым частка з іх несла назвы Eurospar і Interspar. З часам некаторыя крамы зачыніліся.
Нагадаем, што ў Беларусі праблемы рытэйлу пачаліся пасля таго, як у кастрычніку 2022 года Лукашэнка забараніў падвышэнне коштаў у крамах. Улады такім чынам паспрабавалі спыніць інфляцыю. У выніку сталі зачыняцца буйныя гандлёвыя сеткі. Збанкрутаваў «Віталюр», мы пахавалі «Востраў чысціні», які гандляваў побытавымі таварамі, сетка крамаў дзіцячых тавараў «Буслік», ёсць складанасці ў сеткі крам «Міла».
Глядзіце таксама
